Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скуранка


Скуранка. Слова прынёс ва ўжытак кастрычніцкі пераварот 1917 году. Скуранка стала ўніформай рознага гатунку камісараў, якая іх вылучала з нармальна апранутых людзей, розьніла ды адмяжоўвала. Вядома, страх павагу не гарантуе, і тых жа пыхліва-апэрэтачных камісараў часьцяком называлі: камісраі.

Скуранка - ад скуры. Са скурай яшчэ зьвязанае і слова скамарох: скора і мог. Камісары былі скамарохамі, толькі - крывавымі скамарохамі.

Савецкая паэзія з апошняе моцы абрыфмавала скуранку, проза абманумэнталіла, драматургія абтрагeдыла. Толькі ў народзе паказалі сутнасна скуранку:

Ведаем мы камуністых,
Ведаем бальшавікоў -
Яны ходзяць у скуранках,
Дзяруць скуру з мужыкоў.

Гэта пра скурадзёраў.

Мода на скураныя паліто й курткі находзіць хвалямі. Апошняя хваля з турэцкага рынку захлынула беларускія вуліцы. Слова скуранка амаль забылася, а пашырыўся назоў куртка са скуры, скураная куртка.

Рыгор Барадулін

XS
SM
MD
LG