Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Склад


Адметнае месца – склад. Кожны раз заходзячы туду, зьведваеш хваляваньне. У прыцемку таямнічымі спарудамі вымалёўваюцца груды мяхоў і цьмяна-блізкія пізанскія вежы ўбітых адно ў вадно вёдраў, ільсьняцца круглявыя бакі мэталёвых бочак, тут жа над галавой вісяць хамуты, цюлькаюць вераб’і і ў паветры пахне прэлай аўчынай і мышамі.

У склад завітваюць ня проста так, але з пэўнай мэтай, трымаючы ў потнай руцэ паперку, паводле якой можна атрымаць патрэбную рэч. Загадчык складу заўсёды бярэ гэтую паперку без задавальненьня. Ці то таму, што яму шкада разьвітвацца з майном, ці то таму, што майно тое давядзецца шукаць у бясконцых складскіх лябірынтах. І наведнік з тае прычыны пачувае сябе ня надта ёмка.

І вось дзіва дзіўнае! Нас, беларусаў, ужо ня першы год на розныя галасы запрашаюць увайвсьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Склад той дарэшты разрабаваны, але тое-сёе там засталося, і, убіўшыся туды, мы будзем мець дасхочу дармавой нафты, газу ды іншых даброцьцяў.

Такім чынам складскія брамы рассунутыя шырокай плоймай, нібыта пара з лазьні, вырываецца парахавы дым, і загадчык складу – сівы ды прапіты дзядзька – трымае ў руцэ цяжкую завалу на знак таго, што выйсьці са складу Расейскай Фэдэрацыі нам ужо не давядзецца.

Вінцэсь Мудроў

XS
SM
MD
LG