Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарга


Беларусы шмат да чаго здатныя. Але, што мы сапраўды добра ўмеем – дык гэта наракаць і скардзіцца. Між іншым, нас гэтаму само жыцьцё навучыла – калі няхочаш, каб да цябе розныя прыхадні лішне чапляліся – наракай на гаротную долю. Мы й наракалі дзень пры дні, бо прыхадняў у нас адвеку ня менела.

І так з гэтага да гаротнай мовы прызвычаіліся, што цяпер ужо нават паміж сабой не гаворым, а толькі крыўдуем: на галечу, недарод, сьпёку, начальства ды іншую халеру.

Натуральна, што мы й прэзыдэнта выбіралі не па якіх там адмысловых здольнасьцях, а каб лепей за іншых умеў наракаць і скардзіцца… І не памыліліся ў сваім выбары. На каго ён толькі не крыўдаваў за пару прэзыдэнцтва – на апазыцыю, паветраныя шары, NATO, прафсаюзы, засуху, карупцыю, Пазьняка, усясьветны імпэрыялізм – усяго да ранку не перабярэш.

Але, што праўда, мы таксама гэтыя 5 гадоў у шапку ня спалі – як толькі на свайго абраньніка не наракалі, да якіх толькі міжнародных супольнасьцяў не зьвярталіся са скаргамі на яго…

Дарэчы, іншаземцы ўсур’ёз даюць веры нашым і нашага прэзыдэнта скаргам – абураюцца, спачуваюць, раюць, як нам наш нягеглы лёс на кані аб’ехаць. Сьмеху варта. Зрэшты, а скуль ім ведаць, што як мы спынімся наракаць і скардзіцца, дык нам адразу мову адыме. Бо на іншыя словы мы ўжо невядома калі забыліся. Засталося адно на ўсі выпадкі – скарга.

Валянцін Акудовіч

XS
SM
MD
LG