Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіянізм


Паводле Тлумачальнага слоўніка беларускае мовы, “сіянізм” ёсьць “рэакцыйнай ідэалёгіяй і палітыкаю яўрэйскае буржуазіі, якія адрозьніваюцца ваяўнічым шавінізмам, расізмам, антысаветызмам і антыкамунізмам. Ад назвы гары Сіён паблізу Ерузаліма” (т. 5, частка 1, с. 145, Менск, 1983 г.).

Слова “сіянізм” было страшней за словы “нацыяналізм” і “фашызм”, які афіцыйна быў разгромлены ў 45-м.

І ўсё было б добра, калі б не “бязродныя касмапаліты” ды лекары-забойцы, якія хацелі атруціць таварыша Сталіна…

Ідэя барацьбы зь сіяністамі ня згасла й пасьля сьмерці “бацькі народаў”. Напрыклад, у Беларусі выкрывалі прыкметы ўсясьветнае жыда-масонскае змовы ў нацыянальным беларускім дэкоры і нават у выявах… сьняжынак, шукалі сіянісцкія матывы ў творчасьці сусьветна вядомых мастакоў Марка Шагала й Барыса Заборава. У выніку імя вялікага нараджэнца Віцебску Шагала яшчэ доўга выкрэсьлівалі зь беларускіх энцыкляпэдыяў і даведнікаў. А Барыс Забораў жыве ў Парыжы, і ягоныя карціны выстаўляюцца ў шмат якіх сталіцах сьвету, але толькі ня ў ягоным родным Менску.

Для дзясяткаў тысячаў нараджэнцаў Беларусі Ізраіль, дзе знаходзіцца сьвятая гара Сіён, стаўся “абяцанай зямлёю”. Голда Мэір, Менахем Бегін, Шымон Пэрэс, ды шмат хто яшчэ з выдатных дзеячоў дзяржавы Ізраіль нарадзіліся ў Беларусі або маюць тут карані.

У Беларусі дасюль слова сіянізм ужываецца ў дзяржаўных сродках масавае інфармацыі ў зьвязку з фальшывымі “пратаколамі сіёнскіх мудрацоў”. Аўтары падобных перадачаў ды публікацыяў як быццам ніколі ня чулі слова “галакост”, за якім стаіць татальнае зьнішчэньне гэбраяў у гады другое ўсясьветнае вайны, або слова “Нюрнбэрг”. Зрэшты, як сказаў, адзін вядомы ў Беларусі палітык, “ня ўсё толькі дрэннае было пры Гітлеры”.

Што тычыць уласна сіянізму, дык пасьля стварэньня ізраільскае дзяржавы ён выканаў гістарычную задачу і заняў належнае мейсца сярод шматлікіх “ізмаў” 20-га стагодзьдзя.

Віталь Тарас

XS
SM
MD
LG