Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сельпо


Сельпом – слова гэтае ў гутарковай беларускай мове зьмянялася па склонах – называлі счарнелую, перабудаваную з кулацкай хаты гандлёвую кропку, якая ўадначас была і своеасаблівым жаночым клюбам.

Жанкі штодня зьбіраліся там у чаканьні падвозу хлеба ды абменьваліся плёткамі. Дамінантнай фігурай у клюбе была загадчыца сельпо, зьвяртаючыся да якой, нават старыя цёткі, ужывалі імя па бацьку:

– А пакажы ж ты мне, Міронаўна, вунь тую адзежыну…

Прыкладна раз на месяц у сельпо прывозілі гарэлку, якую вяскоўцы ў той жа дзень і раскуплялі. Загадчыца дзеля парадку адну скрыню прыхоўвала і… пазбывалася пакою.

Праз тую гарэлку сельпо ўвесь час рабавалі, але рабілі гэта не вяскоўцы, а прышлы люд – меліяратары ды элетралінейшчыкі. Выкрадалі звычайна скрыню пітва ды кілё чакалядных цукерак на закуску.

Выпіўшы гарэлкі рабаўнікі часьцяком тут жа і засыналі, прытуліўшы галовы да паточаных шашалем сельпоўскіх сьценаў.

З канца 60-х гадоў на вёсках пачалі ўзводзіць цагляныя крамы, але іх ужо сталі называць па гарадзкому – магазынамі. І сельпо такім ладам разам з селькорамі і селькупамі паволі сышло ў нябыт.

Вінцэсь Мудроў

XS
SM
MD
LG