Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шорты


Шорты – ангельскае слова, якое і на мове арыгіналу і ў перакладзе азначае кароткія нагавіцы да калена або карацейшая, зробленыя ў розных стылях для нефармальнага ўжываньня, альбо дзеля спорту. Гэтае апошняе дало магчымасьць чэхам называць шорты, апрача шорткы, яшчэ й трэныркы.

Яшчэ гадоў з дваццаць таму пра дарослага чалавека ў шортах сказалі б што ходзіць голы і, казаў той, як дурня абсьмяялі б. Нават на крымскія пляжы ў 30 градусную сьпёку людзі валакліся ў доўгіх нагавіцах. Што ўжо там у Беларусі, дзе сярэдняя тэмпература летам зазвычай і да 20 градусаў не сягае. На захадзе было ня лепш, але там усё ж хутчэй дапялі, што парыцца трэба ў лазьні, а сьмярдзець потам і наагул ня трэба.

У Беларусі ўласна шорты першымі апранулі дзеці. Але й перад тым яны насілі кароткія нагавіцы са шлейкамі праз рамёны, якія сьпераду зашпіляліся на гузік. Гэтыя нагавіцы так і называлі: штаны са шлейкамі. А яшчэ такія штаны былі часткай піянэрскай формы.

Магчыма, што першым дарослым чалавекам, які зьявіўся ў Беларусі ў шортах быў будучы забойца штатаўскага прэзыдэнта Джона Кэнадзі -- Лі Харві Освальд, які жыў у Менску напрыканцы 50 – пачатку 60 гадоў. Першыя ж спробы дарослых беларусаў апрануцца ў шорты былі зробленыя хіба ў 70-ых. Тады гэтых незвычайных людзей затрымлівала, а часам і арыштоўвала, міліцыя каб запатрабаваць апрануцца “як людзі”. Шорты на дарослым чалавеку сталіся прыймальнымі толькі ў сярэдзіне 80-ых, калі камуністычная сыстэма пачала дыхаць на ладан і айцам народу стала не да змаганьня з заходнімі ўплывамі на побыт савецкага чалавека. Яны ліхаманкава пачалі шукаць сабе месца ў новых гістарычных варунках і знайшлі. Цяпер і яны, а многія зь іх людзі ня бедныя, ходзяць у часіну летняе сьпёкі ў кароткіх нагавіцах – шортах. Яны спрэс паслугоўваюцца замежнымі словамі тыпу сатэліт, пэйджмэйкер, біпэр, побач зь якімі шорты выглядаюць бязьвінным ягняткам.

Цяперашнія беларускія ўлады таксама нічога ня маюць супраць шортаў. Калі беднасьць і падткі сьцягнуць з чалавека апошнія штаны – гэта будзе не канец, застануцца… шорты.

Сяржук Сокадаў-Воюш

XS
SM
MD
LG