Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлюб


У беларусаў можна шлюб узяць ці шлюбам пабрацца. Людзі нашага краю ў шлюб уваходзяць, шлюб ладзяць, да шлюбу ідуць ці, як пяецца ў колішняй песьні, – маладую дзеўчыну да шлюбу вядуць.

Але ў нас ніколі ў шлюб не ўступаюць, як можна, прыкладам, уступіць зьнянацку ў “законны брак” альбо яшчэ ў штосьці, больш непрыстойнае і брыдкае. Ці ж не таму на беларускім вясельлі адным з лепшых тостаў было зычаньне маладым, каб іхны шлюб ніколі не ператварыўся ў брак.

Дарэчы, як не спрабую перакласьці па-беларуску расейскія “узы брака”, выходзіць зусім невясёлае – шлюбныя путы.

Бываюць шлюбы паводле каханьня ці паводле разьліку, бываюць таемныя, фіктыўныя ці авантурныя – безь мяне мяне жанілі. Бываюць шлюбы ўзаемна жаданыя і шчасьлівыя, няшчасныя, прымусовыя, няроўныя і, нават, трагічныя. Кшталтам таго, што гвалтам навязваюць чужыя аблуды сваты нашай маладой цнатлівай нявесьце-Беларусі зь перастарэлым ды невылечна-распусным і хранічна-нецьвярозым суседам-жаніхом, які даўно ні на што ўжо ня варты са сваім шматлікім пярэстым гарэмам, але ж да чужога і маладзейшага ўсё яшчэ агідна ласы.

І калі даць веры, што шлюбы вершацца на нябёсах, дык крый нас Божа ад гэткага шлюбу, за якім ужо і не хаваючыся паўстае бессаромна-пажадлівае мурло суседзкага брака, ад якога, як ведама, калі і нараджаецца нехта, дык адно нямоглыя і недаўгавечныя байструкі.

Рыгор Сітніца

XS
SM
MD
LG