Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях


Калі б мяне папрасілі адным словам выказаць увесь беларускі лёс зь ягоным бясконцым цярпеньнем і рэдкім шчасьцем, я б вымавіў слова шлях. Бо шлях — гэта й ёсьць лёс, які мы праходзім шляхам жыцьця або шляхам гадоў. Увесь наш досьвед і сэнс нашага руху па зямлі ўвабрала гэтае слова. Таму цэлая беларуская газэта або кніга можа называцца кароткім знакавым словам «Шлях». Каб адчуць гэтую знакавасьць, варта параўнаць шлях з нэўтральным, амаль службовым словам дарога. Дарога вядзе да школы, а шлях — да асьветы, дарога — да лякарні, а шлях — да ацаленьня, дарога — да царквы, а шлях — да Бога. Шлях, у адрозьненьне ад дарогі, не бывае просты, кароткі або лёгкі. Ён — біты, пакручасты, Чарнобыльскі шлях.

Па беларускім бітым шляху,
Б'ючы ў кайданавы званы,
Брыдзе чужынец, а зь ім побач
Хто?
— Беларускія сыны!

Дарогі сыходзяцца, разыходзяцца і сыходзяцца зноў, шляхі разыходзяцца назаўжды.

Калі чалавек кажа: падкажыце, калі ласка, просты шлях, — гэта значыць, што ён не адчувае розьніцы з расейскім словам "путь". Нельга сказаць, напрыклад, пра "русский путь", а пра "беларускі шлях" толькі й можна гаварыць. Няма ў нас і вытворных, кшталту расейскага "путник", бо па нашым шляху ідуць усе беларусы — падарожнікі і дамаседы, старыя і маладыя, мужчыны і жанчыны, багатыя і бедныя. Шлях наш — усіхны. Таму недарэчна гучаць савецкія назвы беларускіх калгасаў і раённых газэт: "Шлях Леніна", "Шлях камунізму", "Сьветлы шлях". Як, зрэшты, і назва заходнебеларускага часопіса "Шлях моладзі".

Асабіста мне слова шлях уяўляецца дужым круглатварым і чарнабародым словам-царом, якое ўзвышаецца над сынанімічным шэрагам: дарога, тракт, шаша, гасьцінец, бальшак... Шлях — вялікшы і мудрэйшы за іх.

Шмат хто скажа, што шлях беларусаў ляжыць да саміх сябе. Але ніхто ня ведае, куды ён прывядзе.

Сяргей Дубавец

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG