Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксот


На жаль, гэтае слова ня мае нічога агульнага з сэксам. Сынонімы чэкісцкага скароту "секретный сотрудник" -- асьведамляльнік, інфараматар, стукач, даносчык.

Тайныя памочнікі паліцыі існуюць ва ўсіх грамадзтвах - у асноўным гэта люмпэны, асобы з крыміналізаванага асяродку, чыя дзейнасьць гэтым асяродкам абмяжоўваецца. У таталітарных грамадзтвах стукачы становяцца неад"емнай часткай дзяржаўнага мэханізму.

Савецкая ўлада зрабіла данос агульнадзяржаўнай справай. Партыя абвясьціла, што галоўны вораг - унутраны. Паўлік Марозаў стаўся культавай фігурай у дзіцячым садку і школе, у чытанках і падручніках. Здрада была перкваліфікаваная ў геройства, пільнасьць абвешчаная найвышэйшым абавязкам, за данос узнагароджвалі пасадай, кватэрай, ордэнам.

Паводле некаторых падлікаў, да 3% савецкіх людзей зьяўляліся тайнымі асьведамляльнікамі карных ворганаў; колькасьць дабраахвотных памочнікаў не паддаецца падліку. Нярэдка сэксотамі станавіліся ня толькі з жаданьня выслужыцца, зрабіць кар"еру, але і пасьля запалохваньня і шантажу. У пэўным сэнсе сэксоты самі ахвяры нялюдзкай улады.

Нягледзячы на дзяржаўны статус, даносчык ўсё роўна выклікаў агіду ў грамадзтве. У 70-я гады гэтую акалічнасьць скарыстаў савецкі КГБ пад старшынствам Андропава: чэкісты распаўсюджвалі чуткі пра дысыдэнтаў, быццам тыя зьяўляюцца стукачамі, і такім чынам эфэктыўна разбуралі дзейнасьць групаў супраціву і кампрамэтавалі асобных дзеячоў.

У краінах усходняй Эўропы пасьля падзеньня камунізму былі абвешчаныя імёны даносчыкаў, сталі вядомыя выпадкі, калі мужы даносілі на жонак, вучні на настаўнікаў, сьвятары на вернікаў, якія прыходзілі да споведзі. У Беларусі застаюцца засакрэчанымі нават прозьвішчы сталінскіх сэксотаў, ня кажучы пра навейшыя гэнэрацыі брэжнеўска-гарбачоўскага і лукашэнкаўскага часоў. У кніжцы "За кіпучай чэкісцкай работай" я надрукаваў некаторыя прозьвішчы і мянушкі памагатых катаў. За некалькімі выключэньнямі, ні самі яны, ні іхныя дзеці асабліва не пакрыўдзіліся. Рэакцыя грамадзтва -- вяла-абыякавая.

Тыя, каму гэта баліць, у большасьці сваёй сьпяць у безыменных магілах Курапатаў, Поўначы і Сыбіру. Не забудземся пра іх.

Аляксандар Лукашук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG