Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самазванец


Усе словы, якія пачынаюцца на "сама", адносяцца да двух гатункаў: першы гатунак -- словы са станоўчым ці нэўтральным значэньнем тыпу самастойнасьць, самалёт, самаход, самазвал; другі гатунак -- словы выразна адмоўныя -- самадзяржаўе, самахвал, самалюб, самадур, самазванец. Гэтым апошнім у Беларусі называюць асобу, якая выдае сябе за іншага чалавека.

Бальшавікі, якія не спытаўшыся ў беларускага народу, абвесьцілі ў 19-м годзе БССР -- тыповыя самазванцы. Самсон Самасуй -- герой аповесьці Андрэя Мрыя "Запіскі Самсона Самасуя" -- ня менш тыповы самазванец, які суе сам сябе на кіраўнічыя пасады.

Самазванцамі былі ўсе БССРаўскія кіраўнікі, а таксама савецкія дэпутаты, якія толькі лічыліся абранымі народам, а на самрэч былі пастаўленыя камуністычнай партыяй, якая ня менш самазванна захапіла ўладу ў Беларусі й 70 гадоў трымала яе ў руках.

Звонку самазванцы -- людзі сьціплыя. Ды й навошта выхваляцца, калі плоймы падданых штодня ўзносяць цябе да нябёсаў. Але чым больш хістаецца пад нагамі глеба ў самазванца, тым часьцей ён пачынае блытаць "мы" і "я" -- "я зрабіў", "я задумаў", "я вырашыў".

У апошні год стагодзьдзя ў Беларусі аб'явіўся самазванец з Падняпроўшчыны, акурат з тых мясьцінаў, адкуль паходзіў колішні прэтэндэнт на маскоўскі трон, якога расейскія гісторыкі называюць Ілжэдзьмітрыем ІІ Самазванцам.

Той самазванец абяцаў у выпадку перамогі вярнуць Вялікаму Княству забраныя расейцамі землі, а гэты робіць нешта зусім адваротнае.

У тлумачальным слоўніку беларускае мовы знаходзім вытворнае: самазванства й самазваны -- той, які самавольна незаконна прысвоіў сабе чужое імя, званьне. "Стрэльбай грукнуў у дзьверы, -- падае слоўнік прыклад з Аркадзя Куляшова. -- "Выходзь да мяне, Гаспадар самазваны, на ганак!"" (Тлумачальны слоўнік беларускае мовы. "Беларуская савецкая энцыкляпэдыя", 1983, Т.5, Кн.1, Ст.39).

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG