Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самагонка


Самагонка, саматужка, самаробка, юруха, весялуха, кустоўка. Колькі ласкавых азначэньняў да аднаго паняцьця!

Самагонку на Беларусі гналі пры ўсіх рэжымах. Катлянка -- у катлах (мела прысмак гарэлага). Паравая -- спэцыяльныя апараты рабіліся. Каб стала чыстай, як сьляза, самагонку пераганялі праз вугаль, праз рачны пясок. У такой тонкай справе, як гнаньне самагонкі, вялікае значэньне меў зьмеявік.

Некалі камуністы пачыналі новы рух у кустах -- скарачэньне свайго партыйнага апарату. Дык дзядок слухаў, слухаў лектара дый заўважыў: «Апарат, яно, скараціць можна, толькі зьмеявік не чапайце».

А кустоўку ў кустах гналі. Бальшавікі выдавалі ўказ за ўказам супраць самагонкі, а людзі сьпявалі:

Самагоначку мы гонім,
Самагоначку мы п'ем,
Нам апараты разьбіваюць,
А мы новыя куем.

Глынуўшы першаку прыгаворвалася: і сьвяты б паскакаў, каб самагонкі паспытаў. Самагонка была й застаецца самай трывалай валютай. Яе называюць вадкі даляр. Гэта самагонка падказвае словы скакухам і пяюхам:

Ашалела галава,
Ашалелі ногі,
А каб гэтай галаве
Прычапілі рогі.

Самагонка можа зрабіць каго хочаш і бедным, і багатым, і бязрогім, і рагатым.

Рыгор Барадулін

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG