Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыба


Рыба – табуістычная назва больш старажытнага zъvь, якім у выніку сугучнасьці са словам звать рыбакі стараліся не карыстацца.

У 20 стагодзьдзі рыба, а дакладней выраз: пайсьці на рыбу набыў іншае табуістычнае значэньне. Выезд на рыбу для мужчынаў нярэдка азначае выезд на п’янку. З вудамі, рыбнікамі, сачкамі і іншым рыбацкім прычандальлем бяруць яны яшчэ пляшачку горкай і адпачываюць недзе на беразе возера ці рачулкі. Адпачываюць ад жыцьця, дзе ў спробе разьвязаць свае праблемы, почасту даводзіцца біцца, як рыбе аб лёд. Цешацца прывідам свабоды. Чуюцца, як рыба ў вадзе, а сапраўдная рыба -- тут ужо, казаў той, справа дзясятая.

Усім знаёмыя выразы: лавіць рыбу ў каламутнай вадзе. Ні рыба ні мяса. Ноччу рыбу ловіць -- кажуць пра дзіця, якое мочыцца ў ложак. Буйная рыба – пра ўдачу.
Вось і ўзьядналіся – называўся гумарыстычны малюнак ув адным з нумароў газэты “Літаратура і мастацтва”. На малюнку ж вялікая рыбіна праглынула малую. Чытач бачыў у вялікай рыбіне Расею, а ў малой – Беларусь.

Рыбак, вудаль, вудзільшчык, вудар. Пісьменьнікі крапівоўскай школы запазычылі расейскае: рыбалоў.
Тыя беларусы, якія хочуць быць больш расейцамі чым самі расейцы кажуць: ріба. “Пайду пасматру какая там ріба” – фраза пачутая мной на полацкім кірмашы. Тым разам рыба была прывазная – марская. Сваёй – рачной і вазёрнай – на Беларусі, становіцца менш. Пасьля вайны, у галодныя гады, яе глушылі дынамітам. У адносна сытыя – лавілі забароненымі спосабамі, білі электратокам. Рэшта, ад забруджанай вады здыхала ці ператваралася ў мутантаў. Сёньня калі прадпрыемствы збольшага стаяць ці працуюць напалову, вада стала чысьцейшай, але рыбы ня стала больш. Яна, разам з грыбамі і ягадамі – адчувальны дадатак да стала і да сямейнага бюджэту, які папаўняюць дзеці, што прадаюць злоўленых шчупакоў, самоў, ліноў ці плотак на ўзбочынах беларускіх аўтамагістраляў, бо… на бязрыб’і і рак – рыба.

Сяржук Сокалаў-Воюш

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG