Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ровар


Нічога, што слова чужое, але як жа яно дарагое!

Калі табе сем гадоў і ты дастаеш ад бацькоў сапраўдны, “дарослы” ровар – ты ня толькі стаесься шчасьлівым уласьнікам, якому пачынаюць зайздросьціць твае бязроварныя сябрукі. Ты таксама бярэш адразу некалькі прыступак у даросласьць. Жыцьцё для цябе пачынае рухацца шпарчэй, як, дарэчы, і ты сам у прасторы.

А калі твой ровар мае лапку, на якую можаш яго абаперці і паставіць дзе заўгодна, а да таго званочак, лямпачку і дынама, а яшчэ набор ключоў у адмысловай скураной сумачцы пад рамай – немагчыма адразу й прыдумаць, чаго яшчэ можна было б жадаць. Калі б жыцьцё ўвесь час было такое, як у тыя першароварныя дні!

У нас на Беласточчыне польскія ровары мелі ўсе гэтыя дадатковыя снасьці. А вось у савецкіх “веласіпедах” пад назовам “Урал”, якія таксама можна было купіць у крамах у Бельску, Гайнаўцы, ці нават у Нарве, не было лямпачак, дынамаў і лапак. “Уралы” былі таньнейшыя за польскія самакаты і лічыліся куды горшым набыткам. Нават узьнікла зьдзеклівая прысьпеўка пра кавалераў на “Уралах”. Рэфрэн гучаў прыблізна так: “Каханая, чакай, я к табе прыеду рускім роварам Урал”. Прыехаць на ім завідна да дзяўчыны ў суседнюю вёску яшчэ было можна, але як жа вярнуцца дахаты недзе пад поўнач?

Пяшчаная разьежджаная дарога ў полі альбо лесе, зрэдзьчасу жвіроўка, у вёсках брукаванка – ня надта каб было дзе разагнацца роварам на Беласточчыне ў 60-я і 70-я гады. Дый цяпер асфальтовак пабольшала не нашмат. Але народ езьдзіў на роварах часта й густа. Ровар – аўтамашына дзятвы і бядоты. У згаданым часе аднаго й другога на Беласточчыне было адволі.

Дзядулі, што помнілі “першага і другога немца”, казалі, што цяперашнія рускія й польскія ровары – гэта барахло ў параўнаньні зь нямецкімі. “Нямецкі, о-то-то быў ровар!” – пераконвалі. Але колькі я ні прыглядаўся да іхніх самакатаў, на якіх яны езьдзілі нядзелькамі ў царкву, мне ніколі ня ўбачыўся ні адзін “о-то-то” ровар

Мабыць, усе “о-то-то” ровары існуюць адно ў нейчым дзяцінстве…

Ян Максімюк

XS
SM
MD
LG