Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раб


Пад час старажытных морскіх бітваў карабель ішоў часам на дно разам з прыкутымі весьлярамі, безыменнымі й бязмоўнымі з найменьнем-таўром славус-склавус, што азначала ў перакладзе з лаціны: славянін-раб.

Савецкі чалавек быў вымушаны сустракацца з гэтым здавалася б іншасьветным словам на кожным кроку.

Ледзь толькі ўзяўшы ў рукі буквар, першаклясьнік чытаў па складох: “Мы-не-ра-бы”, і выводзіў у пропісях пад дыктоўку настаўніцы тое ж самае, вывернутае на ліхі бок: “Ра-бы-ня-мы”.

У падручніку па гісторыі вучань абавязкова знаходзіў выяву асілка, што ледзь ня цалкам складаўся з напружаных цягліцаў і мусіў пэрсаніфікавацца ў вачох падлетка ў раба, які рве путы.

Галоўная песьня эпохі таксама пачыналася з галодных і рабоў. Пераствараючы “Інтэрнацыянал” па-беларуску, Купала да мейсца ўжыў аднакаранёвы прыметнік, і верш загучаў адчувальна выразьней, чымся ягоны расейскі варыянт:

Паўстань пракляцьцем катаваны,
Паўстань, хто з голаду век пух!
Апалі рабскія кайданы,
Апаў нявольніцтва ланцуг.
Але кайданы й ланцугі неўзабаве йзноў спатрэбіліся для незьлічоных ворагаў народу, што абжывалі краіну з рабаўласьніцкім ладам: архіпэлаг ГУЛАГ.

У першыя дзесяцігодзьдзі савецкае ўлады зьявілася цэлая плойма словаў з агульным пачаткам: рабфак, рабселькоры, рабсіла. Савецкі народ як бы паступова прызвычайваўся да слова раб.

Беларусы прызвычаіліся мо больш за астатніх, бо нават скарочаную назву сваёй краіны ўпарта пішуць не Беларусь, як таго патрабуе адпаведнае правіла, а ўсяго толькі – РБ.

Міхась Скобла

XS
SM
MD
LG