Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Путч


Слова паходзіць ад нямецкага “Putsch” і азначае дзяржаўны пераварот, здзейсьнены купкай змоўшчыкаў, а таксама спробу такога перавароту.

Пасьля няўдалага гітлераўскага піўнога путчу 1923 году ды прыходу да ўлады чорных палкоўнікаў у 1967 годзе ў Грэцыі, Заходняя Эўропа гучных путчаў ня ведала. Путчы адбываліся пераважна ў Афрыцы, Азіі ды Лацінскай Амэрыцы, дзе іх, часам, бывала як грыбоў у даждлівую восень.

Але напрыканцы стагодзьдзя выявілася, што такі экзатычны плод як путч можа высьпець і ў нашых геаграфічных шырынях. У жніўні 1991 году на практыцы даведаліся пра путч і народы Савецкага Саюзу, які ўжо рыхтаваўся “даць дуба”.

Кажуць у буфэце Менскага дома ўраду тады вокамгненна зьніклі гарэлка і каньяк. Зачыніўшыся ў габінэтах, беларускае чынавенства ўсіх узроўняў сьвяткавала капцы перабудове.

Палітолягі схільныя лічыць путчам і антыканстытуцыйны лістападаўскі пераварот 1996 году ў Беларусі. Наступствы пераможных путчаў ва ўсіх куткох сьвету аднолькавыя. Захоп улады, дыктатура, рэпрэсіі, зьнікненьне актыўных апазыцыянэраў.

Путчысты панічна баяцца адзіноты. Путчыстам сьняцца кепскія сны. Путчысты ведаюць, што іх чакае або зьдзейсьнены былымі хаўрусьнікамі новы путч, або зьдзейсьненаная народам рэвалюцыя. Вынік, звычайна, аднолькавы – турэмная камэра ды прысуд.

Уладзімер Арлоў, Менск

XS
SM
MD
LG