Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыпынак


У жыцьці гарадзкога чалавека транспартны прыпынак займае надзвычай істотнае мейсца. На прыпынку ля жытла ці працы чалавек бывае часьцей, чым дзе-кольвек яшчэ, акрамя жытла ці працы. З гэтага бліжэйшы прыпынак псыхалягічна абжываецца, як свая ўласнасьць і неўпрыкмет становіцца своеасаблівай прыватнай тэрыторыяй.

І хаця на прыпынку звычайна шмат людзей, аднак, кожны зь іх тут застаецца сам-насам, быццам на бязьлюднай высьпе. І дзе яшчэ, акрамя як на прыпынку, урбанізаваны чалавек штодня далучаецца да адкрытай прасторы вялікага космасу, ад якога ва ўсе астатнія часы яго адсланяюць тунэлі й катухі тэхнакратычнае цывілізацыі.

Ня ведаю, як у іншых гарадох Беларусі, але ў Менску шмат каго з актыўных удзельнікаў апазыцыйных мітынгаў пасьля іхнага заканчэньня міліцыянты й так званыя "людзі ў цывільным" хапалі менавіта на прыпынках або паблізу іх. Можа гэтак адбывалася менавіта таму, што нідзе чалавек надалей не адслонены ад людзей, нідзе нагэтулькі адзінотны, як на прыпынку.

Неяк пасьля "гарачай вясны" 96-га году я міжволі прыслухаўся да размовы двух хлопцаў, бо яны гаварылі па-беларуску. "Дык, кажаш, на якім прыпынку цябе хапанулі?", -- запытаўся адзін. "На "Чырвонаармейскім"", -- адказаў другі ды ў сваю чаргу пацікавіўся: "А цябе?" -- "Аж на "Варвашэні"".

Між іншым, гэтая размова адбывалася таксама на прыпынку, каля станцыі мэтро "Ўсход". І я, пакуль падыходзіў тралейбус, пасьпеў падумаць: "Для многіх людзей майго пакаленьня той ці іншы прыпынак назаўжды застаўся ў памяці, як мейсца першай сустрэчы з каханай. А гэтыя хлопцы ўжо ніколі не забудуць а ні прыпынак "Чырвонаармейскі", а ні "Варвашэні". Таму што тут іх, відаць, упершыню зьняволілі за любоў да Бацькаўшчыны.

Валянцін Акудовіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG