Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымус.


Нават пасьля самага багатага застольля беларусы могуць сказаць: "Піць-есьці было, толькі прымусу не было". А прымус гэты жаданы, бо ласкавы. Спадары мусілі, так бы мовіць, прымушаць гасьцей болей піць, болей есьці ўгаворамі, прыгаворамі, прыбабунькамі. І Максім Багдановіч ў вершах "Беларускага складу" пісаў:

Ды красна бяседа ня ўзорамі,
А ласкавымі прыгаворамі,
Ня адвабнымі абрусамі,
А ласкавымі прымусамі.

Але словы па часе шматсэнсіцца, набываюць новыя адценьні.

За савецкім часам слова прымус набыло асноўнае значэньне. Прымушаць - прымусова заганяць у камуністычны рай. Прымусовыя мэтады, так бы мовіць, перавыхаваньня. Прымусовая праца.

І ўзьнікла новае слова - прымусоўка. Давалі, прысуджалі пэўны тэрмін прымусоўкі, працаваць за "дзякуй", будаваць "сьветлае заўтра".

За савецкім часам быў такі тэрмін - "дабраахвотна-прымусова". Жыцьцё, сапраўды, было, як у казцы: чым далей - тым страшней. У паэме "над ракой Арэсай" Янка Купала пісаў:

Калі ступіў тут бальшавік -
Ён зьменіць гэты край!

Чыталася дваяка: бальшавікі прымушалі зьмяніцца ўсё. І дацягнулі шмат. І ласкавы беларускі прымус рабіўся пакараньнем, утаймаваньнем бунтоўных. І калі ўзяць беларускую абрэвіятуру, дык атрымліваецца каламбурна: прымус - пры МУС, гэта значыцца, пры міністэрстве ўнутраных справаў.

Ня столькі сьмешна, колькі сумна.

Рыгор Барадулін.

XS
SM
MD
LG