Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праўда


Праўда адносная, праўда ў кожнага свая, і ў тым, што гэтыя праўды могуць адмаўляць адна адну - няма нічога дзіўнага. Абсалютнаю лічыцца ісьціна. Розныя праўды могуць набліжацца да яе, але яна ўсё роўна застанецца недасяжная.

«Праўда вочы коле» - гэта вельмі трапна. «Праўда перамагае» - а гэта ўжо вельмі сумнеўна.

Пакрыўджаныя, тыя, хто марыць пра тое, каб «людзьмі звацца», заўсёды прагныя праўды і справядлівасьці. Гэткіх праўдашукальнікаў у нас звычайна лічаць дзівакамі - прагматычны розум уважае, што ўсё роўна ніякай праўды ня знойдзеш, толькі клопату набярэсься на сваю галаву.

Гэтае, здавалася б, нэўтральнае слова ў найноўшай гісторыі непазьбежна набывала сацыяльную афарбоўку. У Беларусі гэта пачалося, мабыць, з «Мужыцкай Праўды» Кастуся Каліноўскага. А ў розных савецкіх анталёгіях «Казкі народаў СССР» беларуская народная творчасьць вельмі часта была прадстаўленая тольікі адной казкай - «Ленінская праўда». Гэткае адметна беларускае праўдашукальніцтва ўжо ня раз заводзіла наш народ у глухія куты гісторыі.

Слова «праўда», як і даўгі шэраг іншых «гучных» словаў - народ, памяць, радзіма, мір - было зьняслаўленае таталітарнымі рэжымамі, асабліва геаграфічна нашым - савецкім. Праўдаю звалася тое, што адпавядала патрабаваньням рэжыму, нават самая апошняя мана і хлусьня. Найяскравей гэты факт выяўляўся ў форме й зьмесьце галоўнай бальшавіцкай газэты, якая так і звалася - «Праўда». Тое, што праўдаў шмат і ўсе яны могуць быць розныя, давалі нам зразумець і назовы шматлікіх іншых, драбнейшых газэтаў - «камсамольская праўда», «піянерская», «менская», «гродненская», «магілеўская». Былі «праўды» і іншамоўныя - літоўская «Tiesa», латыская «Cina» ды нават ворган ФРГэшных камуністаў - «Die Wahrheit». Аднак людзі ўсё адно ведалі, што ў гэтых «праўдах» праўды няма.

Квінтэсэнцыю таталітарнага разуменьня праўды трапна ўхапіў Джордж Орўэл. Установа, якая ў ягонай антыутопіі займалася фальшаваньнем гісторыі і дэфармацыяй рэальнасьці, называлася Міністэрствам Праўды. Шкада, што Орўэл не дажыў да сёньняшняга дня - як бы хацелася прагуляцца зь ім па менскіх праспэктах...

Сяргей Шупа

XS
SM
MD
LG