Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прапіска


Прапіска - знак і штамп савецкага прыгоннага права, калі толькі дзяржава вырашае, дзе чалавек мае права жыць.

Дзяржаве было выгадна, каб сяляне працавалі ў калгасах за "палачкі" - і сяляне ня мелі пашпартоў, а значыць, не маглі разлічваць на гарадскую прапіску. Маглі разлічваць толькі тыя, хто прызджаў у горад па дзяржаўнай патрэбе - зноў жа на цяжкую ці спэцыфічную працу. Напрыклад, у міліцыю ці ахову турмы вяскоўцаў бралі і бяруць.

Патрэбная прапіска надавала чалавеку, лічы, шляхотнае званне -- з-за прапіскі жаніліся і выходзілі замуж, што надзвычай пашырыла практыку шлюбаў па разліку. Такія шлюбы, праўда, часта сканчаліся разводам і перадзелам мэтраў . "Прайдзісвет!" ці - "Аферыстка!" - неслася услед тым, хто пакідаў няшчасныя гарадскія сем"і ля разбітага карыта .

Зрэшты,прапіска, як і ўсё ў дзяржаве, прадавалася і куплялася. Аднаслоўныя аб"явы гучалі так: прапішу.

Нідзе не прапісаны чалавек стаў ізгоем грамадства. Для такіх вынайшлі спецыяльную мянушку - бомж . У бамжы была простая дарога тым, хто меў хоць пару гадоў прапіскі "на нарах".

Як бамжы, так і прапіска перайшлі сённяшняй Беларусі ў спадчыну: збавіцца і таго, і другога нялёгка. Толькі моцная эканоміка і цывілізаванае заканадаўства даюць чалавеку магчымасць выбіраць, якое месца лічыць сваім домам.

Алена Ціхановіч

XS
SM
MD
LG