Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прайдзісьвет


Ад мамы памятаю: "Сьвет хітрасьцю пройдзеш -- назад ня вернесься".

Прайдзісьвет -- кажуць на чалавека, які любіць ашукаць, абхітрыць, аб'ягорыць, нагаварыць сем бочак арыштантаў, шмат абяцаць, але нічога ня спраўджваць.

Раней часьцей ужывалася слова пройда, прайдоха. Чытаем у краёвым слоўніку Ўсходняй Магілеўшчыны Бялькевіча: "Ой, пройда геста баба!". У слоўніку беларускае мовы Насовіча: "Гэты пройда ўсё знаіць. Глядзі, не кажы нічога нашаму пройдзе!".

Пройда яшчэ і ў значэньні "ня так перакажа" і "прадасьць". Зноў жа ў слоўніку Насовіча таксама пасьля пройды стаіць слова прайдзі-сьвет. Праз злучок напісана. І даецца тлумачэньне: "вопытны хітрэц, прайдоха" -- "Прайдзі-сьвета гэтага нічым не спанталычыш, не спаймаеш".

Самыя выбітныя беларускія майстры прыгожага пісьменства ўжывалі й ужываюць слова прайдзісьвет з адмоўным адценьнем. Апошнім часам слова прайдзісьвет крыху пацесьнена словам прахвост. Прахвост ад нямецкага "prufos" -- асоба на вайсковых караблях, якая сочыць, каб пільнаваліся статуту на караблі, і карае парушальнікаў карабельнага статуту.

Адное слова цягне за сабою цэлы куст словаў. Блізкае да прайдзісьвета слова "баламут". Цікава, як мяне заўсёды папраўляла мама: "не баламут, а беламут" -- гэта той, хто белае муціць.

Рыгор Барадулін

XS
SM
MD
LG