Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца


Пра грэцкае паходжаньне слова “праца” сучасныя беларускія слоўнікі чамусьці не паведамляюць. Мо таму, што заморская госьця дарэшты зьбеларусілася і абрасла слоўцамі-атожылкамі як стары пень – апенькамі.

Працавіты, выпрацоўка, працоўны, беспрацоўны, супрацоўнік. А мудры Насовіч падае яшчэ з паўтузіны словаў, ад якіх нашыя вушы ўжо пасьпелі адвыкнуць: працаваньне, працаваны, працавітка і, нават, працавітачка – гэтак называлі маладзіцу, у якой работа спорылася ў руках і якая за бяседным сталом высьпеўвала:

Гарэлачкі, акавітачкі,
Дзеля мяне працавітачкі

Завіхаліся людзі на ўласнай зямлі, даглядалі сваю гаспадарку, і адносіны да працы былі паважныя, самавітыя. Працуем – смак чуем, праца з балота – робіць залота, праца гадуе – а лянота марнуе…

Ды зьявіліся калгасы, і час, праведзены ў полі ці на таку, стаў называцца “працадзень”. Паводле колькасьці працаднёў дзяржава вызначала, каго павесіць на дошку гонару, каго ўзнагародзіць мэдалём за “Працоўную доблесьць”, а каго і зрабіць, нават, Героем сацыялістычнай працы.

Слова “праца” уваходзіла ў набор абавязковых ідэалягемаў, якімі камуністычная партыя тлуміла людзям галовы. Любы кіраўнік працоўнага калектыву мусіў мець чырвоную кніжачку за пазухай і ведаць што і як гаварыць у мікрафон ці перад камэрай. Як той прараб зь верша раньняга Уладзімера Някляева:

Давай пішы з абзаца, ці як у вас там звычна
Навекі слава працы, БССР і клічнік!

Лёзунгі пабляклі, ідэалягічна падкаваныя прарабы сышлі на пэнсію, і словы, што ўслаўляліся раней, сёньня нямодна падпіраць клічнікамі.

Але ў адным выпадку звычайнае слова “праца” усё ж заслугоўвае на вялікую літару. Гэткі назоў мела зэльвенская раённая газэта, дзе зрэдку зьяўляліся вершы Ларысы Геніюш.

Яшчэ пры жыцьці аўтаркі.

Міхась Скобла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG