Яшчэ зь вясковага дзяцінства помню -- зіма, шарая гадзіна, а ты адзін
у хаце, замкнуты знадворку, бездапаможны, галодны, сплаканы. Усё ўзіраешся
ў сутоннае вакно, і, вой, як ёкае тваё дзіцячае сэрца, калі раптам за шыбаю
прамільгне знаёмая постаць маці або бацькі. Гэта і ёсьць твае найпершыя
постаці.
Па часе давядуць яны табе, што ўсякае жыцьцё даецца з боскай ласкі.
І ўжо Бог стане той тваёй патаемнай постацьцю, якая жыцьме ў табе
толькі за кошт веры. І будзе велічнай нагэтулькі, наколькі моцнай будзе
гэтая вера.
За згаданымі трыма зьявяцца постаці тваіх школьных настаўнікаў,
якія ў сваю чаргу адкрыюць табе постаці слынных людзей навукі, культуры
й гісторыі. Сярод іх будзе шмат чужых і часовых імёнаў. Такіх як Іван Грозны,
Сувораў, Маркс і Энгельс, Ленін і Сталін, Дзяржынскі...
І ўсё ж паступова, як з туману, пачнуць выяўляцца й свае, пасоўваючы
чужых наўзбоч памяці. Так увойдуць у тваё жыцьцё Францыск Скарына, Мікола
Гусоўскі, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Ларыса
Геніюш, Уладзімер Караткевіч.
Больш за 40 гадоў мінула з той шарай зімовай гадзіны... І цяжка паверыць,
што пішу я гэтыя словы ў Менску, у сваёй кватэры на вуліцы Кастуся Каліноўскага,
што ў мяне ёсьць дачка пяціклясьніца, зь якой можна своеасабліва пакаламбурыць
наконт яе падлеткавых узаемаадносінаў:
-- Каго любіш? -- пытаюся.
-- Люблю Беларусь! -- не міргнуўшы вокам, какетліва вольнічае яна.
-- Тады ўзаемна. -- кажу я не без гіроніі, але з падтэкстам. Так, спакваля, у чалавечым жыцьці пасўстае і самая важная постаць -- Айчыны. Леанід Галубовіч
-- Люблю Беларусь! -- не міргнуўшы вокам, какетліва вольнічае яна.
-- Тады ўзаемна. -- кажу я не без гіроніі, але з падтэкстам. Так, спакваля, у чалавечым жыцьці пасўстае і самая важная постаць -- Айчыны. Леанід Галубовіч