Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляцоўка


Дзіцячая, будаўнічая, стартавая і пасадачная – малодшая, а дакладна – меншая сястра пляца. Праўда, зь іншым так бы мовіць функцыянальным прызначэньнем.

Калі ўзяць, скажам, пляцоўку дзіцячую, то ў адрозьненьне ад пляца, які мае чамусьці ўласьцівасьць ператварацца іншым разам з пляца Волі, Незалежнасьці ў пляц няволі і залежнасьці, быць месцам, дзе дарослыя дзядзькі – яны ж правадыры – праводзяць ваенныя парады ды ладзяць агляды сваіх сілаў на страх унутраным і зьнешнім ворагам, у адрозьненьне ад гэтага дзіцячая пляцоўка зь яе горкамі і лесьвічкамі, карусэлямі зьяўляецца наадварот месцам, дзе юныя грамадзяне могуць свабодна гуляць і забаўляцца, ды адначасова атрымліваць навыкі так бы мовіць мірнага суіснаваньня, урокі таго, як жыць у згодзе і паразуменьні адно з адным.

Што датычыць пляцоўкі будаўнічай, то незалежна ад яе памераў і тапаграфіі, тут усё вырашае адзін чыньнік – хто будоўлю заказвае, хто праектуе, ну і, вядома ж, хто прараб – вольны будаўнік ці раб. У першым выпадку будзе ўзьведзены трывалы ды дыхтоўня, сьветлы дом. У другім пабудаваная з горам папалам якая-небудзь саюзна-славянская хаціна-камуналка, якая пры першым жа землятрусе дасьць трэшчыны або разваліцца зусім.

Пляцоўка стартавая і ўзьлётная, пляцоўка пасадачная. Яны часта не супадаюць, не атаясамліваюцца, што, мабыць, і меў на ўвазе народ, калі гаварыў: высока падляцеў, ды нізка сеў; прыехаў тузам, а паехаў з канфузам; няпраўдай можна далёка пайсьці і ўвесь сьвет абыйсьці, а назад, дадому зь ёй ня вернесься.

Анатоль Вярцінскі

XS
SM
MD
LG