Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць.


Памяць - гэта я, і памяць - гэта мы.

Памяць, як і людзі, бывае вечнай і кароткай, маторнай і зрокавай, слабой і моцнай.

Само слова памяць прыйшло да нас з індаэўрапэйскай мовы, дзе яно мела тое самае значэньне.

Савецкая школа ўжывала чалавечую памяць для выхаваньня будаўнікоў камунізму і таму патрабавала ведаць на памяць клятву юнага піянэра, колькасьць ордэнаў на сьцязе камсамолу, склад палітбюро ЦК КПСС, вершы пра Леніна. Але, на самой справе, гэта была антыпамяць у якой гублялася памяць пра вартае.

У той самы час яна як магла вытручвала гістарычную памяць народу, выбівала з памяці ягоную нацыянальную сьвядомасьць.

У выніку памяць беларуса пакрысе бяднела: зь яе выляталі несавецкія падзеі, імёны народных герояў, зь яе вылятала родная мова і нацыянальныя арынціры. Спытайце ў беларуса, да прыкладу, якога вялікага паэта ён можа назваць без развагаў і вы, у бальшыні выпадкаў, пачуеце імя чалавека з суседняй дзяржавы.

Адна зь першых гістарычных кніжак пра нашу гісторыю (для чытача 80-ых) называлася "Памяць пра легенды". Аўтар Кастусь Тарасаў, схаваўшыся за слова легенды, вярнуў памяць.

Кароткі пэрыяд вяртаньня памяці пасьля развалу СССР зьменшыў колькасьць насельніцтва і павялічыў нацыю. Памяць напоўнілася іншым, сапраўдным зьместам і пачала патрабаваць прыпомніць ня толькі забытае агульнае, але й прыватнае: спазнаць свой радавод, вызначыць сваё месца ў гісторыі свайго народу і адсюль - у сёньняшняй рэальнасьці.

У прэзыдэнцкай Беларусі ізноў пачаліся спробы вярнуць нашую памяць ў сьпісаную на архіўную паліцу савеччыну, але нашая памяць цяпер -- гэта ўжо іншая памяць, памяць у якой жывуць Бітва пад Воршай і шляхецкая вольніца, БНР і Слуцкі збройны чын, Курапаты і Чарнобыль, змаганьне за нацыянальную школу і разагнаныя ўладамі дэманстрацыі. Замест духовае беднасьці ў сучаснай памяці пачынае абжывацца памяць пра беднасьць матэрыяльную.

Сяржук Сокалаў-Воюш.

XS
SM
MD
LG