Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляшук


Казка пра паляшукоў і палевікоў, беларускі міф пра вынаходку калёсаў і плыта, выводзіць паляшуцкі род ад старэйшага з добрых братоў, цалкам станоўчага, толькі ня кемлівага і не энергічнага. Ён застаўся жыць у пушчы, бо стаміўся выцярэблівацца зь нэтраў. Так і цяпер жывуць, -- падсумоўвае казка.

Для гэографаў Палесьсе – гэта шырокая паласа, падлезшая аж пад Калугу. Калі, аднак, спытацца ў старэйшых людзей, не прыбітых той каляніяльнай мадэрнізацыяй, якую Беларусь перажыла ў апошнім стагодзьдзі, -- дзе дывуць палешукі?, -- дык пад Берасьцем адкажуць: “То там, за лісом, коль Маўрыты”. Ля Маларыты вас адашлюць за Дывін, з Дывіну – на Прыпяць, і гэтак далей.

Палешукі жывуць усюды і -- нідзе. Як адзначаюць этнографы, на Заходнім Палесьсі, самі сябе называюць палешукамі толькі ў пары вёсак, у паўднёвай Піншчыне.

Ёсьць у слове паляшук нешта непачэснае. Нездарма апантаны ідэяй стварэньня чацьвертай усходнеславянскай нацыі авантурыст. Мікола Шэляговіч, пры канцы 80-х, не рашыўся выкарыстоўваць этнонім палешукі, уваскрашаючы летапісных яцьвягаў.

Калі ў Якуба Коласа дзед – жыхар зусім не паўднёвай Піншчыны – кажа: “палешукі мы, а не чалавекі”. Ён, відавочна, вымаўляе, што называецца, не сваім ротам. Ён паўтарае чужыя словы, агучвае ідэялягэмы калянізатараў, навязаныя тутэйшым людзям, якія зацята не хацелі сябе называць ніяк.

Паляшук, у каляніяльным значаньні гэтага слова, гэта не драўлянін, а дрыгавіч. Гэта – істота з дрыгвы, зь немры, зь нішчыньніцы. Бязмоўнае, дагістарычнае стварэньне, якую магутны, асьвеччаны расейскі або савецкі арол, усядзіўшы кіпцюры ў сьпіну, выцягвае з багны, пераўтварае. Міліяруе. То бо – паляпшае. Людзей на балоце прымусілі бачыць сябе нічым не адрозьненымі ад рускаў. Нічым, апроч сваёй забітасьці і адсталасьці.

Слоўнік Коласа і Крапівы на слова паляшук дае цудоўны прыклад з драматурга, а ў вайну – рэдактара часопісу “Партызанская дубінка” Гурскага: “Вы – сібірак? Не, я – паляшук”.

Андрэй Дынько

XS
SM
MD
LG