Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцай


Слова “паліцай” у мяне, як у паэта, выклікае далёкую асацыяцыю з паліцай. А вось слова “міліцыя” асацыюецца як з дубінкай, так і з мыліцай.

Яшчэ з маленства ўбівалі ў нашыя галовы: паліцыя і паліцыянты – гэта чужое і варожае, бо “наша міліцыя нас сьцеражэ”. Асабліва ў п’яных і цёмных закутках, дадаў бы я ад сябе.

Аднак і па сёньня ніхто ў маёй вёсцы ня скажа нічога дрэннага пра былога паліцая, майго далёкага дзядзьку Мікалая, што ахоўваў сваё і людзкое ад партызанскіх рабункаў. І ўсе толькі зайздзросьцяць, як добра ён дажывае век у Брытанскім каралеўстве, пішучы ім лісты на іх матчынай мове, якую яны смакуюць, перачытваючы вечарамі ў хаце маёй цёткі Мані.

Сястра ж цёткі жыве ў Маскве, на Кашырскай шашы, побач з падарваным домам, і ўсё кляне тую іх міліцыю. Там жа побач, у Люберцах, служыў міліцыянтам мой колішні аднаклясьнік Валодзя. Ахоўваў не сваё і ня так, як трэба. Дык цяпер сядзіць у адной камэры з былымі рускімі супольнікамі.

А знаёмыя мне браты Грушы служаць у раённай міліцыі, выслужваюцца перад начальствам і перад сваім чарговым бацькам, хоць блізкія людзі і шэпчуцца, што хлопцы хорам грушы абтрасаюць:
“Тутэйшыя: чужое абтрасуць, а сваё і затопчуць”.

Карацей кажучы, паліцыя ахоўвае людзей у дзяржаве, а міліцыя – дзяржаву ад людзей. І дзе пануе закон, там паліцыя незаўважная, а дзе беззаконьне – там зь міліцыяй не разьмінуцца.

О, як я сумую па сваім далёкім дзядзьку Мікалаю…

Леанід Галубовіч

XS
SM
MD
LG