Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паляндвіца


Клясычны беларускі стол. На ім, сярод іншага, бульба, хлеб, капуста, кілбасы і ўсё, што можна зрабіць з гэтых прадуктаў. Асаблівае месца на гэтым стале займае паляндвіца, паляндрыца альбо паляндзьвіца. Той, хто аднойчы скаштаваў хоць бы скрылёк гэтага чырванаватага вэнджанага ці сеўранага, або як цяпер кажуць - вяленага мяса, той пры наступнай нагодзе абярэ яго за сталом у ліку першых.

У жыцьці беларусаў паляндвіца заўсёды адыгрывала адну істотную ролю. Яна стаяла ў ліку тых нешматлікіх прадуктаў, якія былі аднолькавыя і на магнацкім, і на шляхецкім, і на сялянскім сталах. Вось толькі багацейшыя мелі яе калі хацелі, а бяднейшыя - пераважна на сьвята. У астатні час паляндвіцу найчасьцей ужывалі летам. Побач з кіндзюком, сеўранымі кумпякамі і кілбасамі яна лёгка дажывала да наступных Калядаў, калі зноў рэзалі вепрука, бралі мяса зь сярэдзіны сьвіной тушы - ад хрыбціны - салілі, націралі чоснакам, перцам ды іншымі духмянымі дадаткамі, упіхвалі ў гладкую кішку, ці абвязвалі палатном і вешалі ў сухім месцы...

Паляндвіца - адзін з тых рэдкіх прадуктаў, які, патрапіўшы на гарадзкі расейскамоўны стол, не губляў свайго беларускага ймя. Чаму? Бо ніхто з нашых усходніх суседзяў гэткага ласунку папросту ня робіць. Відаць таму памыліўся аўтар Этымалягічнага слоўніка расейскай мовы Макс Фасмэр які напісаў, што паляндвіца робіцца зь ялавічыны. Што ж да Захаду, то там паляндвіцу робяць хіба толькі палякі.

Злучыў з правінцыяй сталіцу
На стол паклаўшы паляндвіцу, -

напісаў адзін з нашых паэтаў, і да гэтых радкоў далібог цяжка нешта дадаць.

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG