Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ


Найчасьцей слова «народ» выкарыстоўваецца палітыкамі, прычым супрацьлеглых поглядаў, і кожны шчыра верыць у сваё права спасылацца на народ як на крыніцу ўласнае рацыі. У Менску выдаюцца «Народная Газэта» і «Народная Воля» - з палярна супрацьлеглым разуменьнем таго, што азначае гэтае паняцьце.

Ці ёсьць народ проста сынонімам насельніцтва, якое Быкаў аднойчы назваў словам «людзтва» - з усімі ягонымі праведнікамі і нягоднікамі, незалежнікамі і інтэгратарамі? Калі мы пагаджаемся з гэтым, то мусім прызнаць і тое, што «воля народу» можа быць вызначаная сярэдняю арытмэтычнаю лічбаю. Але з гэтага непазьбежна вынікае, што народ можа памыляцца. І сапраўды: атрымаўшы ў 1994 годзе - ці не ўпершыню за стагодзьдзі - хай і адносную, але магчымасьць зрабіць вольны выбар - народ зрабіў яго не на карысьць самому сабе.

Другі падыход - разумець пад народам тую частку насельніцтва, якая актыўна імкнецца да пераменаў. Пад пераменамі звычайна маюцца на ўвазе незалежнасьць, дэмакратыя і рынкавыя рэформы. Менавіта такая трактоўка была пакладзеная ў назву Народнага Фронту ягонымі стваральнікамі.

Ці ня ўсё ХХ стагодзьдзе слова «народ» спалучалася з вызначэньнем «савецкі» - і надаваліся яму самыя станоўчыя якасьці. А вось Багдановіч напачатку стагодзьдзя прамовіў: «Народ, беларускі народ, ты цёмны, сьляпы, быццам крот»...

Прыкметна, што паэты часам не атаясамлівалі народ і Беларусь. У «Малітве» Арсеньевай: «Зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай краіну нашу і наш народ». Нават граматычная форма звароту выяўляе першынства краіны («свабоднай», «шчасьлівай»), і толькі потым дадаецца - народ.

Надыйдзе нарэшце час, калі і дэмакратыя, і незалежнасьць з мэтаў пераўтворацца ва ўмовы існаваньня. Магчыма, тады паняцьці «народ» і «Беларусь» будуць непарыўныя...

Сяргей Навумчык

XS
SM
MD
LG