Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяжа (2)


Слова мяжа набыло сваё сучаснае значэньне толькі ў ХХ стагодзьдзі. Раней у значэньні яго ўжываліся словы "рубеж" і "граніца".

Мяжа, паводле Ластоўскага, усяго толькі неўзараная паласа зямлі, якая падзяляе ральлю.

Для сёньняшняга беларускага вуха слова мяжа гучыць амаль што трагічна. Межы Беларусі дасюль няпэўныя і неабароненыя. Мы фатальна адмежаваныя ад Захаду. На гэтым кірунку стаяць памежныя слупы й бытуюць памежнікі. Мы ўсё яшчэ знаходзім сябе на памежжы між Захадам і Ўсходам. Апазыцыя разьмежаваная. Яе лідэры абмежаваныя рэсурсамі і ўласнай няздатнасьцю.

У ХХ стагодзьдзі межаў было зашмат. Іх сьціплы пералік дасюль ёсьць улюбёным заняткам беларускай культуры. Пасьля "брэсцкага міру" дзяржаўная мяжа праходзіла па жывому целу народа.

Культурных, канфэсыйных ды ідэялягічных падзелаў было столькі, што іх цалкам хапіла б на тысячагодзьдзе больш нармальнай гісторыі.

Але беларусы, маючы дасюль столькі межаў, якія падзяляюць, у глыбіні душы працягваюць марыць пра іншую мяжу -- тую, што злучае, зьбірае і яднае.

Менавіта пра гэтую, сабраную мяжой прастору, калісьці сказаў Ян Чачот: "Маю кавалачак зямлі, на які магу паставіць лесьвіцу ў неба".

Ігар Бабкоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG