Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕХ


Хоць прымаўка мімаходзь адзначае "Век жыць - ня мех шыць", але і мех шыць, каб і зярнятка ні прапаролася вострым носікам, ні цяжкое пакладзіва не прарвала яго, - трэба ўмець.

Ад мяха пайшлі потым і мадэрныя сумкі, і бавулы, і розныя хіналы.

Пастухоў і вандроўнікаў мех ратаваў ад дажджу, ад морасі, ад пылу.

Капюшоны ўсіх фасонаў - унукі мяха, а торбачкі - як бы дачушкі.

З маленства гучыць мне весялінка: "Ажаніўся мяшок, узяў торбачку, туды-сюды павярнуў - цмок у мордачку!".

Ад мяха - мяшэчнікі, тыя бедалагі, якіх голад крывавых рэвалюцыяў і войнаў гнаў па сьвеце. Пасьля вайны ўдовы - прыгоньніцы калгасаў - на сваіх плячах несьлі першыя мірныя руні ў мяхах. Мех быў адзінкай вымярэньня - мех мукі, мех жыта, мех бульбы...

Падчас паўстаньняў, барацьбы беларусаў за волю мяхі, насыпаныя пяском, былі надзейнымі сьценамі змагароў.

Адказная і шанавітая, так бы мовіць, пасада, механошы, валачоўнікаў і скамарохаў.

У паэтаў "мех" гукае рыфму на "сьнег" і "сьмех". Пра недакладную многасьць кажуць - "мех з торбачкай", пра марныя намаганьні - "Чобаты за мех, а ў мяху - сьмех". Ён - нясумны мэтад кайнасьці: "Грэх - у мех, а сам - наверх".

Завязаны пад самае горла мех нагадвае сноп. Не такая і далёкая радня - абодвум зярняты дарагія.

Рыгор Барадулін.

XS
SM
MD
LG