Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мегафон


Мегафон – рэч – ведаюць усе. Мегафон – слова – далёка не. Яго невыпадкова блытаюць з рупарам, але гэты галянскі тэрмін абазначае звычайную трубу з пашыраным канцом, якая ў сапраўднасьці зьяўляецца толькі часткай мегафону разам зь мікрафонам, электрычным сілкавальнікам і ўзмацняльным прыстасаваньнем.

Слова мегафон паходзіць з грэцкай мовы і літаральна перакладаецца як вялікі гук.

У савецкія часы права на вялікі гук мелі толькі тыя, у чыіх руках была ўлада. Узровень гэтага гуку залежыў ад месца: якое займаў прамоўца на гэрархічнай партыйнай лесьвіцы. Магутнасьць мегафону, была максымальна дазволеным ўзроўнем гуку для народу. Але ўжываць гэтае прыстасаваньне народ (ув асобе трэйнераў, настаўнікаў фізычнага выхаваньня або пляжных інструктараў ці назіральнікаў) мог толькі ў часе спартовых спаборніцтваў ці турыстычных зьлётаў. Ув астатніх выпадках мегафоны ўжывала так званая народная міліцыя.

Сапраўды народным мегафон зрабіўся толькі са зьяўленьнем надзеі на дэмакратыю. Гэта ён узмацняў голас прамоўцаў у часе разгону на Дзяды. Ён заклікаў удзельнікаў на першыя мітынгі апазыцыі, стаяў у пікетах, браў удзел у фармаваньні калёнаў дэманстрантаў і праводзіў перадвыбарчую агітацыю.

Зь іншага боку барыкадаў яго спрабавалі перамагчы мегафоны абаронцаў спачатку савецкай, а потым прэзыдэнцкай улады. Відаць гэтая вайна мегафонаў спарадзіла сынонім слова – мацюгальнік.

Нават у тыя часы, калі апазыцыя здолела прабіцца да мікрафонаў, мегафон не губляў свайго значэньня. Ён стаўся сапраўдным узмацняльнікам жывога чалавечага голасу. Мегафоны мела і мае кожная больш менш арганізаваная група ці суполка, я ўжо не кажу пра рухі і партыі. У той самы час, яго няма ў “Слоўніку іншамоўных слоў”. Жыцьцёва істотная рэч выпала з-пад увагі навукова адарваных ад рэальнага жыцьця лексыколягаў. Магчыма, што яны яшчэ не разьвязалі для сябе пытаньня пра тое, хто на мяжы стагодзьдзяў мае права на ўзмоцнены гук.

Мегафон – адна з тых рэчаў, якую ўдзячныя нашчадкі ўжо ў наступным стагодзьдзі маглі б ушанаваць помнікам.

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG