Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўзалей


У савецкі час кожны беларус дакладна ведаў сэнс гэтага слова. Словы Масква, Ленін і маўзалей завучвалі яшчэ ў дзіцячых садках. Маўзалей тады быў адзіны ў цэлым сьвеце. Маўзалей — вялікая пахавальня Леніна, дзе ён ляжыць у крышталёвым саркафагу. Для дзяцей гэта было зразумела — як казка пра заснулую цароўну.

Слова маўзалей мае грэцкае паходжаньне, ім называлі самую вялікую пахавальню элінскага сьвету — цара Маўзола ў Галікарнасе. Пазьней ад назвы тае спаруды сталі называць усе вялікія пахавальні наогул...

Ленінскі маўзалей пабудавалі беларусы, майстры зь вёскі Грабаўка, што на Гомельшчыне. Бадай, гэта самы вялікі помнік беларускае народнае творчасьці. І таму стаўленьне да яго ў беларусаў было асаблівае. Як пісаў Аркадзь Куляшоў:

Мы не дазволілі халоднаму нябыту
Забраць яго ад нас у вечную імглу,
І не труну, а дом зрабілі мы з граніту
На сотні год, як горнаму арлу.

Беларусы вельмі раўніва пільнавалі, хто і як стаяў падчас парадаў на маўзалеі. Калі ж на ім паявіўся Брэжнеў, у народзе склалі прыпеўку:

... Гэта што за Бармалей,
Узьлез да НАС на маўзалей?..

У Менску зьбіраліся нават паставіць і мясцовы маўзалей Леніна, сымбалічны, у якім быў бы музэй...

Пазьней маўзалеямі пачалі гіранічна называць маёнткі партбосаў. А слова "саркафаг" ужо асацыявалася не з крышталёваю труною, а з Чарнобыльскай АЭС, якую накрылі саркафагам з бэтону.

Сёньня маўзалеем альбо чарнобыльскім саркафагам менчукі называюць змрочную спаруду Палацу Рэспублікі, якая паўстала пасярод сталіцы, акурат там, дзе зьбіраліся паставіць сымбалічны маўзалей Леніна.

Сяргей Харэўскі

XS
SM
MD
LG