Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кут.


Кут.. Надзвычай багата сэмантычных адценьняў мае слова кут.

Кут - Радзіма, родны край. "Новая зямля" Якуба Коласа так і пачынаецца афарыстычна: "Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы...". Дасьціпная прыказка нагадвае: "Дораг той куток, дзе адразалі пупок".

Кут - пачэснае мейсца, звычайна пад абразамі. На кут садзяць гасьця, тым самым выказваючы яму пашану. На куце сядзяць і гаспадар і гаспадыня.

Янка Купала пісаў: "Беларусь на куце ў хаце сваёй села, чарка мёду ў руцэ, пазірае сьмела".

Вясёлыя показкі падкрэсьліваюць, што "не мейсца гожыць чалавека", "добраму чалавечку - доба і ў запечку, а якой благаце блага і на куце". "Вашапрут - на кут, а добраму чалавечку - добра і ў запечку". "А папеўка радуецца: выпіла-закусіла, сама сабе пахваліла, захінулася ў куток, па тры чарачкі ў раток",

На кут, на дзяжу садзілі маладую. У кут клалі і перад апошняй дарогай, бо мярэц таксама госьць на гэтым сьвеце, як і жывыя. Адсюль і праклён - "Каб цябе на кут абмылі!".

Кут - хата, жытло. У Янкі Купалы: "За ўсё, што сёньня маю, што даў мне мой народ, за кут у родным краі, за хлеб-соль без клапот, я адплаціў народу...".

Кут - жытло не ў сваёй хаце, "сядзець кутам" - значыць, кватэраваць. Кутнік - кватэрант. А яшчэ кутнікі - зубы.

Проста куток у хаце. "У куточку на пруточку вісяць Мэндэлевы яйцы". Гэта - загадка пра клубок нітак. Альбо - "На ласы кусочак знойдзецца куточак".

Ёсьць яшчэ і кут гледзіва, у кожнага ён свой. Беларускі кут гледзіва - незалежная эўрапейская дзяржава Беларусь.

Кут, у нейкай ступені - і мера часу. З кута ў кут - і дзень тут.

Галоўнае - каб мы былі ў сваёй хаце-Беларусі гаспадарамі, а не кутнікамі.

Рыгор Барадулін.

XS
SM
MD
LG