Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клюб.


Гамана, жартлівасьць, вясёлая перамоўлівасьць і чаканьне. У позірках, у рухох, у паважнасьці расьсяданьня. Няўклюднае расхіленьне крэслаў. Загрубелыя ад працы вясковыя рукі ня здужваюць утрымаць тую адлякаваную дошку, што мусіць быць сядалішчам. Ляскатаньне гэтых дошак, што мкнуцца вярнуцца ў зыходнае становішча -- да сьпінкі-апірышча.

Разгуба й кпіны. Затым ціша, усталяваная ад першага слова. Роўненькія шэрагі аднолькава ўзрушаных людзей. разнаколернасьць жаночых сукняў і хустаў. Урачыстая застыгласьць твараў. Далі Бог, што склікалі ў адное мейсца безьліч лялькаў. Цяпер кажы й паказвай што хочаш -- прымуць на веру.

Магія сходу, агульнасьці. Быццам бы на вячорках ці на сьвятах ня гэткая ж грамада зьбіралася. Але тут, у клюбе, усімі апякуецца ўлада. Нібы кожны хоць на кроплю да яе прыналежны. О, гэтая вечная прага ўладаньня, што абяртаецца рабствам. Чырвоныя лёзунгі, чырвоная раз'юшанасьць перакананьняў.

Захапленьне паволі зьмяняецца на абыякавасьць. Свая музыка -- на чужую. Роднае слова -- на прышлае. І вось ужо ў клюб ідуць ня ў лепшых строях, а ў зашмальцаванай апранцы. Не з чаканьнем цудаў, а з пляшаю гарэлкі й поўнымі кішэнямі семкаў.

Лузганьне, лаянка, бойка, рыпеньне заежжанай кружэлкі. Вішчаць дзяўчаты, плююцца юнакі. Лямантуюць і клянуць час бацькі. У клюбе п'яныя любошчы.

Падманулі клюб пустаслоўем і пустэльна глядзіць ён пустымі вокнамі. А жывыя сэрцы гуртуюць свае клюбы. Без улады, па душэўных парываньнях.

Антаніна Хатэнка

XS
SM
MD
LG