Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кава


Кава - слова вельмі беларускае. Гэта добра ведаюць тыя, каму даводзілася замаўляць гэты напой у якім-небудзь менскім гастраноме. Гэтае слова - як лякмусавая паперка, паводле яго цябе ідэнтыфікуюць у чарзе як беларуса.

Слова кава прыйшло да нас з Усходу - з Асманскай імпэрыі, а асманскія туркі пазычылі яго ад арабаў, у якіх яно гучала «qahwa». А вось да расейцаў, прыкладам, кава прыйшла значна пазьней і з Захаду - таму расейскае слова «кофе» зусім непадобнае на нашае, і застаецца дагэтуль чужое для самой расейскай мовы, якая так і ня здолела яго прыстасаваць да сваёй сыстэмы.

Кава для Беларусі - новы нацыянальны сымбаль, знак далучанасьці да паўзабытай намі эўрапейскай цывілізацыі. «Кавы», - папросім мы - і нас зразумеюць у любой кавярні ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Славаччыне, Украіне, карацей кажучы - у НАШАЙ Эўропе.

...Мы надоўга сыходзім у цемру ночы або ў шэрасьць дня, каб аднойчы на золку вярнуцца да старога сябра, які перш чым пра што-небудзь запытацца пачастуе нас добрай кавай.

Сяргей Шупа

XS
SM
MD
LG