Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабанчык


Гэтага слова няма ў слоўнiках. Яго не ўжываюць "салiдныя" выданьнi. Але ў Нароўлi i ў Навагарадку, у менскiх мiкрараёнах i на вясковых вулiцах, паўсюль нас сустракае ён, "кабанчык".

Гэтае слова ўзьнiкла ў 70-я гады. Менавiта так беларускiя будаўнiкi сталi называць керамiчную плiтку, якой заляплялiся цокалi, уваходы i цэлыя фасады дамоў. На нейкi час "кабанчык" стаў фасадам сваёй эпохi.

Усюдыiсны, ён трапляў на будынкi школ i цэркваў, райкамаў i музэяў... Яго можна было сустрэць на новабудзе i на кляштары XVI стагодзьдзя. Так Беларусь пазбаўлялася ўзросту, а будынкi страчвалi сваю функцыянальную адметнасьць. У царкве можна было зрабiць пiўбар, i гэта ня рэзала вока. "Кабанчык" зьнiшчаў усе адлегласьцi ў часе i ў прасторы: паўсюль нас сустракала стракацень з трох-чатырох фарбаў. Стандарты "кабанчыка" стваралiся i захоўвалiся ў Маскве. Глiну для яго выраблялi ва Ўкраiне, фарбавальнiкi - у Варонежы...

Само слова паходзiць ад расейскае абрэвiятуры КОПОН - "керамическая облицовочная плитка для отделки наружной". Каму першаму хапiла досьцiпу назваць КОПОН "кабанчыкам", сказаць немагчыма. Затое ўсе беларусы ведаюць, што такое "кабанчык".

Паводле задумы стваральнiкаў неўмiручага "кабанчыка", iм мусiлi прыкрываць будаўнiчыя хiбы i эканомiць на тынкоўцы i расфарбоўцы шэрых панэляў. Новы матэрыял прадыктаваў i новую архiтэктурную эстэтыку. З "кабанчыка" пачалi выкладаць арнамэнты, абстрактныя кампазыцыi зь зiхоткiм сынтэтычным бляскам.

Неўзабаве высьветлiлася, што ягонае выкарыстаньне нашмат даражэйшае, чым уяўлялася. Але ўжо была створаная адмысловая iндустрыя. "Кабанчык" вырабляўся ў Менску ў фантастычнай колькасьцi - 8 мiльёнаў кубамэтраў за год. Хапiла ўсiм.

Кароткая эпоха "кабанчыка" скончылася ў 80-я. Пакладзеныя абы-як плiткi пакрысе адвальвалiся з бэтонных муроў. Сёньня, каб не рызыкаваць жыцьцямi людзей, "кабанчык" адкалуплiваюць самi будаўнiкi. Мiне яшчэ колькi часу - i ён зусiм аблезе з твару нашае зямлi як яскравы праклад колiшняга савецкага "единообразия".

Сяргей Харэўскi

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG