Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст


Элегантнае, вытанчанае, з густам наўпрост з Парыжу.

Французскае слова з корневым значэньнем “дзень”, якое толькі напачатку ды напрыканцы стагодзьдзя мела рэальнае значэньне ў Беларусі.

10 гадоў нашаніўскае пары перад саветамі і 10 гадоў незалежнага друку пасьля іх плюс пару дзесяцігодзьдзяў калатнечы за Польшчай у Заходняй Беларусі, ды шматлікія эмігранцкія выданьні ў Амэрыцы, Эўропе і Аўстраліі, ды самвыдат – няшмат, хаця ня так і мала.

Журналістыка журчыць, часам бярэ на сябе ролю журы, наводзіць журбу, жартуе з вагнём і вучыць не журыцца.

У Беларусі ўлада й журналісты як казачныя ліса й журавель: што добра аднаму, не пасуе другому.

Журналістыка пад прымусам ідзе мэтастазамі, чарнее, курчыцца й гіне: урадавыя ордэны на афіцыйных газэтах і ў афіцыйных журналістаў – трупныя знакі прафэсійнае зьнявагі. Белыя плямы, глушылкі, драконаўскія суды, штрафы й закрыцьці – прафэсійныя ўзнагароды беларускае незалежнае журналістыкі.

Журналістыкі не бывае без свабоды; у ХХ стагодзьдзі свабода немагчымая без журналістаў.

Аляксандар Лукашук

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG