Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыды


У канвэнцыях клясычнага правапісу («тарашкевіцы») і ў жывой беларускай мове дасавецкага часу гэтае слова было адзіным назовам народу, лёс якога за стагодзьдзі супольнага жыцьця цесна пераплёўся зь беларускім. У гэтым сэнсе Беларусь належала таму самаму эўрапейскаму арэалу, што й Польшча, Літва ды іншыя краіны Ўсходняй Эўропы, дзе словы Zyd, Zydas ня маюць ніякага абражальнага або адмоўнага адценьня.

Гвалтоўная русыфікацыя падсавецкай Беларусі надала беларускаму слову жыд зусім іншае гучаньне — у расейскамоўным кантэксьце яно ўспрымаецца гэтаксама як і адпаведнае расейскае, безумоўна абразьлівае, слова.

Апошнімі дзесяцігодзьдзямі вяртаньне да клясычнага, несавецкага варыянту беларускай мовы зноў паставіла пытаньне аб статусе слова жыд — аб тым як вярнуць яго ва ўжытак, ня крыўдзячы самых прадстаўнікоў гэтага народу. Праблемай найчасьцей паўставала тое, што апошні раз замена савецкага яўрэй на несавецкае жыд адбылася ў надзвычай трагічны для нашых народаў час Другой сусьветнай вайны, што не магло не выклікаць у сёньняшніх людзей балючых асацыяцыяў. З другога боку ўспрыманьне гэтага слова залежыць і ад таго, кім лічыць нас, беларусаў — асобным усходнеэўрапейскім народам (як палякі або літоўцы), або нейкімі «малодшымі братамі» расейцаў і мову нашую — толькі адгалоскам расейскай з усімі яе сэнсавымі асацыяцыямі.

Гэтая дылема, аднак, дагэтуль застаецца нявырашаная, а прыхільнікі клясычнага правапісу часта, каб пазьбегнуць канфрантацыі, ужываюць словы гэбрай, гэбрайскі. Слова жыд загінула ў полымі Галакосту, слова яўрэй — на руінах савецкай імпэрыі.

«Вы ўскрэсьнеце, Жыды, усьлед за Беларусяй», - спадзявяўся Янка Купала ў 1919 годзе. Гэтаму прароцтву не было наканавана збыцца. Другая сусьветная вайна ў Беларусі забрала ў нябыт цэлы культурны кантынэнт беларускага жыдоўства (задумаемся, чым рэальна напоўненая вядомая ўсім формула «кожны чацьверты»). Гэты кантынэнт зьнік як Атлянтыда. Ягонымі спадкаемцамі застаемся мы ўсе.

Сяргей Шупа

XS
SM
MD
LG