Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яйка


“Ap ovo” – лацінскі выраз, якія заклікае пачаць спачатку, даслоўна перакладаецца “зь яйка”.

Яйка можа быць качынае, індычынае, перапялінае ці стравусінае, але беларускае яйка, перадусім – курынае. Вось чаму, асаджаючы наравістага маладзёна, старэйшы скажа: “Яйка курыцу вучыць…”

А яшчэ яйкі бываюць велікодныя. Расфарбаваныя ў розныя колеры, іх качаюць на ручніку і б’юцца – чыё крапчэйшае?

Яйкі займаюць адно зь першых месцаў у рацыёне беларуса. Іх п’юць сырымі, вараць, смажаць, іх дадаюць у безьліч страваў.

Зь недалёкае гісторыі мінулае вайны кожны з нас ведае словы акупанта, што ўвальваецца ў вясковую хату:

– Матка, яйка. – Патрабуе ён, пагражаючы аўтаматам.

Не разумею толькі, чаму гэтыя зусім беларускія словы прыпісваюць немцам. Прынамсі, не яны гэта прыдумалі. А ў каго навучыліся? Хто цяпер ведае, можа ў паліцаяў, а можа й у савецкіх партызанаў, якія таксама жывіліся па вёсках без асаблівых цырымоніяў.

Расейскае “яйцы” беларускае вуха ўспрымае як лаянкавае слова, што абазначае мужчынскія генеталіі. Вось чаму так сьмешна было чуць з вуснаў Лукашэнкі, які абураўся дэфіцытам то яек, то малака: “Схапіўся за яйцы – малако прапала”.

На Каляды абавязкова пакладзіце ў мех калядоўнікам тры яйкі – сымбаль новага тысячагодзьдзя.

Сяргей Дубавец

XS
SM
MD
LG