Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ісьціна


У адрозьненьне ад выкладчыкаў марксісцка-ленінскай філязофіі, Даль азначаў гэтае слова ў сваім слоўніку намнога прасьцей: ісьціна – супрацьлегласьць хлусьні.

Яшчэ мы засвойвалі яго па ходкіх выслоўях, накшталт: “Платон – сябра, а ісьціна даражэйшая”, “У спрэчках нараджаецца ісьціна”, “Вуснамі дзіцяці гаворыць ісьціна”.

Яшчэ чыталі ў нашага любімага паэта-летуценьніка пра “ісьціны, простыя як хлеб і праўдзівыя, як плач дзіцяці”.

Там “дзіцяці” і “дзіцяці” тут.

І невыпадковы, відаць, сёньняшні фэномэн грамадзкага жыцьця ў Беларусі: многія яе грамадзяне, з уласьцівымі гэтаму ўзросту непасрэднасьцю ўспрыняцьця рэчаіснасьці, інтуітыўным падзелам дабра і зла, абвостраным успрыняцьцем усякіх фальшу і хлусьні, бязбоязна прамаўляюць і адкрытым тэкстам пішуць на сьценах
“а кароль голы”. Фэномэн, які наглядна пацьвярджае сутнасьць і слушнасьць выказваньняў вялікіх мысьляроў мінулага адносна таго, што найвялікшыя ісьціны – звычайна самыя простыя, што здаровы сэнс – гэта інстыктыўнае пачуцьцё ісьціны, і што імкненьне да ісьціны – адзіны занятак, варты гэраічнай асобы.

“Інтэгратары” рыхтуюць свой чарговы наступ, а між тым, яшчэ вялікі праўдалюб Талстой пісаў больш за 100 гадоў таму: “Яднаньне дасягаецца толькі тады, калі шукаюць не яднаньня, а ісьціны. Шукай ісьціну, і знойдзеш яднаньне. Шукай яднаньне, і аддалісься ад ісьціны”.

На зыбкім пяску няпраўды, хлусьні ды бязглуздых плянаў ніякі дом не пабудуеш, у тым ліку – так званы саюзны. Гэта – аксыёма, бясспрэчная ісьціна.

Анатоль Вярцінскі

XS
SM
MD
LG