Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідал


Ідалы – гэта каменныя, драўляныя або мэталёвыя выявы паганскіх багоў. У беларускіх гаворках да слова ідал існуе цэлы ланцужок сынонімаў. Стод, балван, кумір, ёлуп.

Ідалы-стоды стаялі на капішчах і былі аб’ектам пакланеньня. Кожны ўвасаюляў нейкае божышча ды вымагаў ахвяраў.

Найвядомейшы са старажытных беларускіх ідалаў – шклоўскі, – добра знаёмы любому школьніку з падручніка гісторыі.

Энцыкляпэдыі паведамляюць, што пасьля прыняцьця Хрысьціянства, ідалаў прыстасоўвалі да патрэбаў новае рэлігіі, выбіваючы на іх крыжы.

Пра тое, што ідалы спатрэбіліся і тады, калі бальшавікі пачалі вайну з рэлігіяй, энцыкляпэдыі сарамліва маўчаць. Большасьць ідалаў таго часу пасьпяхова дажыла да нашых дзён. Галоўны ідал – лысы, з вусамі і невялікай бародкай, зазвычай стаіць на цэнтральным пляцы гораду ці мястэчка і паказвае рукою на гайню бяздомных сабакаў ці на віна-гарэлачную краму. Разы два на год ідалу прыносяць чырвоныя кветкі, якія, відаць, мусяць нагадваць пра часы, калі ахвяры былі непараўнальна шчадрэйшыя, вымяраліся мільёнамі чалавечых жыцьцяў.

Уладзімер Арлоў, Менск

XS
SM
MD
LG