Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гоман


"Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай", - сьпявалі у 20-30-ых гадох нашага стагодзьдзя свой партыйны гімн Беларускія эсэры.

А яшчэ раней - напрыканцы XIX стагодзьдзя назву "Гоман" мела Беларуская народніцкая суполка, якая ўтварылася зь Беларускіх студэнтаў у Пецярбургу. Суполка выдавала часопіс "Гоман", як частка рэвалюцыйнага руху народаў імпэрыі, імкнулася ў гэтым руху стварыць аўтаномную Беларускую фракцыю.

Апрача часопіса "Гоман" у 1916-18 гадох мелі Беларусы і газэту з такой самай назвай. Яна выдавалася ў Вільні і двойчы на тыдзень кірылкай і лацінкай заклікала наш народ да яднаньня, утварэньня незалежнай Беларускай рэспублікі, апавядала пра гісторыю, інфармавала.

Гоман, Гамонка, Гамана, Гаманіць. Крычаць, Гамоняць, а ня ведаюць дзе звоняць. Гаманілі, Гаманілі, дагаманіліся - зманілі. І наадварот - угаманіцца, угаманіць, угамоньваць, угамон. Угамону няма - кажуць пра таго, каго няможна стрымаць ці супакоіць.

Савецкія слоўнікі тлумачылі слова Гоман як бязладны шум, мноства галасоў, ці - у пераносным значэньні - спалучэньне прыродных гукаў. Гэткім чынам чалавек мусіў разумець назвы ўжо памянёных пэрыёдыкаў "Гоман" як бязладнасьць і шматгалосьсе. Наўрад ці ў гэтым ёсьць чалавечая лёгіка.

Кропкі над І ставіць Янка Станкевіч, які ў сваім слоўніку выразна акрэсьлівае: Гоман - жывая, у тым ліку й гучная гаворка.

У іншых славянскіх мовах слова Гоман гучыць амаль гэтаксама як і ў Беларускай - украінскае -- Гомін, чэскае Homon, польскае Gomon. Паводле паходжаньня яно зьвязанае з усходнеславянскім gomъ, gamъ - "шум, галас". У іншых эўрапейскіх мовах крэўныя нашага Гоману - старажытнаісьляндзкае gaman - радасьць, весялосьць і ангельскае - game - гульня.

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG