Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гета


Да ХХ стагодзьдзя гетаў ў нашым краі ня ведалі. Геты былі на захадзе, былі на ўсходзе, але ня ў нас.

Само слова гэтае – “гета” – прабіралася да нас з Эўропы. Зь эўрапейскіх моваў першаю зьведала яго італьянская. На Апэнінскі паўвостраў прынесьлі слова разам з сабою габрэі. Выпадала ім, найчасьцей з прымусу, ізаляцыя. Заставалася для іх – гета.

Гета на смутак і на радасьць, на добрае і благое. Гета як прыпынішча сярод чужых, як выспа свайго парадку.

У беларускіх местах было горай: геты пазаводзілі акупанты пад час апошняй вайны. Кожны ў нас ведае, куды вяла дарога з тых гетаў.

Геты пладзілі горыч. У гетах цярпелі людзі. У гетах раскашаваў страх і віжавала сьмерць. Быў гэта сьвет, у якім ня будзеш рады сьвету. Сьвет, калючым дротам аддзелены ад таго жыцьця, дзе блазнуюць на карузэлях гулякі і вецер разьвівае жанчынам сукенкі.

У безнадзейным сьвеце гета жылі ў надзеі загнаныя сьляпою сілай у пастку людзі. На гэнай вайне яны былі найпершымі з ахвяраў.

Вось чаму цягам усіх паваенных дзесяцігодзьдзяў, ажыўляючы ў памяці гэтае прышлае слова “гета”, наш чалавек звычайна не зьвяртаецца па прыклады здалёк. Навуку спачуваць і памагаць мы праходзім, дазнаючыся пра кашмар, сьведкі якога пакуль яшчэ ёсьць сярод нас.

Юрась Бушлякоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG