Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта


Словам “газэта” некалі ў Вэнэцыі называлі манэту, якой плацілі за друкаваны інфармацыйны аркушык, які ўласна і быў газэтай у цяперашнім сэнсе слова.

Першая беларуская нелегальная газэта (“Мужыцкая праўда”) зьявілася яшчэ ў мінулым стагодзьдзі, а вось першая легальная – “Наша доля” – толькі ў гэтым.

Паколькі асноўнае прызначэньне газэты – праўдзіва інфармаваць – савецкія газэты не выконвалі, народ таксама ўжываў іх не паводле прызначэньня. Адныя, ва ўмовах дэфіцыту паперы для прыбіральні, замянялі яе газэтай. Другія – закаркоўвалі газэтай бутэлькі з алеем і самагонкай. Трэція – мылі газэтай вокны, білі ёй мух, скручвалі зь яе цыгаркі і распальвалі дровы ў печы, празь яе прасавалі штаны, у яе загортвалі ежу ў дарогу, рэзалі на ёй закуску. Пры гэтым газэта ніколі не ўжывалася як сурвэтка. Рот і рукі выціралі рукавом, аб штаны або ніяк…

У войску, у зімовы час, газэты ўжываліся замест анучаў. Газэта лепш трымала цеплыню.

Разам з тым, газэта была апошняй надзеяй шукальнікаў праўды. У газэту скардзіліся, і надрукаваная скарга нярэдка дапамагала вырашыць праблему.

У назвах савецкіх газэтаў адбівалася ўся ідэалёгія камунізму: старадароскі “Поступ кастрычніка”, пад лепельскім “Ленінскім сьцягам” выходзіў “На – петрыкаўскія – новыя рубяжы” і крупнянскім “Ленінскім курсам” ішоў да пружанскай “Зары камунізму”… Аповед можна працягваць…

Чытачы ставіліся да газэтаў па-рознаму. Бальшыня сьвята верыла ў магію надрукаванага слова.

Для адных надрукаванае: “глаўнакамандуючы Сталін” было праўдай, для другіх праўдай была друкарская абмылка: “гаўнакамандуючы”.

Напрыканцы ХХ-га стагодзьдзя газэту ўсё часьцей і часьцей пачаў замяняць тэлевізар.

Сяржук Сокалаў-Воюш

XS
SM
MD
LG