Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаспадар


Так і чуецца ў слове Гасподні дар, Божы дар, бо добрым гаспадаром быць — гэта трэба мець талент.

Гаспадар — чалавек, які нечым валодае, нечым распараджаецца, пра нешта рупіцца, вядзе гаспадарку, і любая гаспадарка — галоўны клопат гаспадара. Жытло гаспадарова з усімі прыбудовамі недарэмна ўзвышана называецца гасподай. Мужчына муісць быць гаспадаром свайго слова, гаспадаром свайго дома. Гаспадаром жонка называе мужа.

У даўніну дзяржава называлася гаспадарствам. Памятаеце, як пачынаюцца казкі? У некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве... І ўладароў Малдовы і Валахіі велічалі гаспадарамі.

Гаспадар — чалавек незалежны ў адрозьненьне ад люмпэна. На гаспадарах трымаецца дзяржава, жыцьцё будзённае і асяжныя мроі.

Калядоўшчыкі, прыйшоўшы ў гаспадароў двор, песьню звычайна пачыналі: «Гаспадарочак, сьлічны паночак...» І паважная форма зьвяртаньня да каго-небудзь — «спадар» — таксама ад слова гаспадар.

Без гаспадара і нізінай стане гара. А над усімі намі, над усім сьветам — адзін Гаспадар Усявышні — Госпад.

Рыгор Барадулін

XS
SM
MD
LG