Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарышча


Гарышча -- слова, настоенае на таямніцах.
На гарышчы жывуць кажаны і ажываюць казкі.
Гарышча вабіць бабуліным калаўротам і дзедавай шабляй.
Гарышча страшыць затканымі павучынай кроснамі, за якімі ўдзень сьпіць Дамавік.
Гарышча ўсьцешвае старымі беларускімі кніжкамі і каляндарамі.
У Шчодры вечар дзяўчаты выглядваюць на гарышчы ў люстэрку свайго нарачонага.
На гарышчы рэдка прызначаюць спатканьні.
Гарышча любяць шпіёны і самагубцы.
Гарышча палохае, але гарышча й ратуе.
На гарышчы хаваюць забароненую літаратуру.
На гарышчы хаваюцца тыя, што ідуць супроць улады.
З гарышча выходзіць зь бел-чырвона-белым сьцягам на дах легендарны Мірон.
Гарышча -- неадменная частка нацыянальнае сьветабудовы.
Гарышча лучыць беларусаў з космасам.
Мы жывем у хаце,
над намі жыве гарышча,
над гарышчам -- неба.

Уладзімер Арлоў

XS
SM
MD
LG