Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галава


Ці занадта гарачыя мы галовы, беларусы, ці вінецца ў нашых галовах каторае ўжо стагодзьдзе ад гістарычнай спустэленасьці, але і надараецца – няма куды галаву прытуліць, жывучы на Бацькаўшчыне.

Хоць галавой аб сьцяну біся, хоць хапайся аберуч за галаву, а з хворае галавы на здаровую ня зваліш – самі хілім галовы перад авечымі галовамі адрачэнцаў, маўляў, карона з галавы ня зваліцца.

Але і на калодку ці варта класьці нашую сьветлую галаву. Здаўна ж казалі пра мудрага, адказнага чалавека захоплена – галава! Здаўна ўшаноўвалі гаспадара-дбайцу за галаву, і ў сям’і, і ў дзяржаве.

Цяпер на скрут галавы пнемся пад чужую ўладу, быццам самі парабіліся дзіравымі дубовымі галовамі. У іншага ж народу не знасіць было б галавы таму валадару, які з галавою кінуўся ў чужое балота бруд расхлёбваць.

Мы з галавы да ног падданыя, адданыя рабы. Прачынаемся і засынаем азіраючыся на тых, хто вякамі нам дурыць галаву.

А насамрэч гісторыя нястомна і доказна даводзіць: узьняўшы галаву – жыць сьвятлей. Глядзіш, апынецца, што мы на галаву вышэй за тых, каму чалом б’ем празь вякі.

Але ж ня тым у нас пакуль галовы забітыя.

Антаніна Хатэнка

XS
SM
MD
LG