Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гітара


Сярэдзіна ХХ стагодзьдзя была адзначана на Беларусі неверагоднымі тэмпамі ўрбанізацыі ды русіфікацыі. І ў гэтых працэсах не апошняю была роля гітары.

Па гарадзкіх дварох загучалі блатныя куплеты пад славутыя тры акорды.

Шляхетны інтрумэнт усё часьцей называюць "лапатаю", "балалайкаю", а ў п'яной бойцы яна, разламаная на нейчай галаве, можа стаць "гішпанскім гальштукам".

Рэнэсанс гітары пачынаецца ў 60-х, калі ў Расеі нараджаецца жанр "аўтарскае песьні". На інтэлігэнцкіх кухнях, у атмасфэры закрытасьці ды абранасьці, загучалі песьні Акуджавы, Высоцкага ды Галіча.

На Беларусі расьце колькасьць клюбаў самадзейнае песьні. Беларускія (па пашпарце) барды намагаюцца імітаваць маскоўскіх клясыкаў. Беларусь у іхных песьнях прысутнічае адно як турысцкі аб'ект.

Узгадваюцца радкі: "всё леса, леса, леса Белоруссіі, да погода по девчоночьі капрізная".

Уласна беларускім інтрумэнтам, гітараю, прычым у клясычным шасьціструнным варыянце, наканавана было стаць зусім нядаўна. Ці не з таго самага часу, калі спачатку загучалі "Песьняры", а праз колькі гадоў у краіну праніклі запісы Данчыка.

Напрыканцы 80-х пачалося нараджэньне нацыянальнае бардаўскае песьні й беларускага рок-н-ролу. За які дзясятак гадоў у гэтых жанрах зьяўляюцца тысячы прыхільнікаў і сотні выканаўцаў. Свае клясыкі й пасярэднасьці, свае фэсты й тусоўкі.

Гітара разам са сьцягам нібы зброя становіцца абавязковым атрыбутам дэмакратычных мітынгаў і нацыяналістычных вячорак.

І хаця рана яшчэ казаць, што гітара стала выразьнікам беларускае душы, наступнае стагодзьдзе будзе безумоўна належыць ёй.

Зьміцер Бартосік

XS
SM
MD
LG