Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбол


Футбол, як і палітыка - дзьве рэчы, у якіх разьбіраюцца ўсе без выключэньня. Футбалістаў, як і палітыкаў, зацята крытыкуюць людзі, якія самі ня могуць, вобразна кажучы, патрапіць па мячы. Менавіта такія гучней за ўсіх гатовыя крычаць перад тэлевізарам: «Ты куды б'еш?», «Ну, што гэта за пас?» і гэтак далей.

Паходжаньне слова футбол вядомае, бадай, усім. З ангельскай мовы - foot нага і ball мяч. Футбол, як і ў большасьці краінаў Эўропы, быў і застаецца ў Беларусі самым масавым і папулярным відам спорту, хоць тут у нас няма такіх выдатных посьпехаў, як, напрыклад, у гандболе, цяжкай атлетыцы ці гімнастыцы. Дый беларускія заўзятары ніколі не вылучаліся такой адданасьцю і фанатызмам, як грузінскія альбо кіеўскія. Што гаварыць, калі нават у сэзоне 1982 году трыбуны сталічнага стадыёну «Дынама» не былі запоўненыя дарэшты. Я думаю, мне ня трэба тлумачыць, што адбылося ў сэзоне 1982 году, паколькі калі вы ня ведаеце, што ў тым годзе менскае «Дынама» стала чэмпіёнам СССР, то з вамі проста няма пра што гаварыць. Магчыма, гэта была самая яскравая і памятная падзея ў гісторыі Беларусі савецкага пасьляваеннага пэрыяду.

Увогуле, праз прызму футболу можна своеасабліва прасачыць гісторыю Беларусі апошніх гадоў. Мяркую, многім будзе забаўна даведацца, што ў сярэдзіне 80-х міліцыянты на стадыёне адбіралі ў маладых людзей бээсэсэраўскія сьцягі, як цяпер адбіраюць бел-чырвона-белыя. Беларуская міліцыя ўвогуле вылучалася нейкай асабліва невытлумачальнай строгасьцю, калі не сказаць тупасьцю. Міліцыянт мог - на стадыёне! - зрабіць заўвагу, альбо нават затрымаць заўзятараў, якія, на ягоную думку, занадта горача выяўлялі свае эмоцыі.

У пачатку 90-х у юных фанатаў, далёкіх ад нацыяналізму пэтэвэшнікаў і школьнікаў, галоўным поклічам стала «Жыве Беларусь!», якое яны пачалі скандаваць замест «Дынама Мінск». У часы незалежнасьці галоўным і на жаль, адзінкавым зорным часам беларускага футболу можна назваць перамогу нацыянальнай зборнай над чарадзеямі гэтай гульні галяндцамі - адзін нуль. За апошнія ж гады, калі ў спорт стаў умешвацца галоўны хакеіст краіны, адбываецца няспынная дэградацыя найперш клюбнага футболу. Беларускія чэмпіёны прайграюць кіпрскім камандам, а менскае «Дынама» ледзь ня вылецела з найвышэйшай лігі беларускага чэмпіянату. Зрэшты, як памятаеце, я гаварыў, што кожны думае, што ён разьбіраецца ў футболе і палітыцы...

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG