Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуст


Дуст — ядавітае рэчыва для зьнішчэньня шкодных насякомых. І хоць гэтая атрута ўжо даўно забароненая для ўжываньня, памяць пра яе моцна жыве ў народзе.

Вось і я ўспамінаю сваё дзяцінства, калі мы, “пионэры советской страны”, крочылі бясконцымі калгаснымі палеткамі, і хто клізмаю, а хто венічкам пасыпалі капусту, бульбу, кукурузу шэрага колеру атрутаю. А часам, бавячыся, і адзін другога.

А ўзімку елі тую ж капусту з дустам — атрутаю, якая дзесяцігодзьдзямі не раскладаецца.

Пазьней мы ў разумным часапісе прачыталі, што нават у ільдах Антарктыды знайшлі няведама адкуль туды патрапіўшы дуст, і ён захаваў свае якасьці.

Дзякуючы дусту поўніліся засекі Радзімы вітаміннай прадукцыяй. Зноў жа – дзякуючы яму, дусту, расла вытворчасьць клізмаў і венікаў.

Дуст паўплываў на тэхнічны прагрэс: зьявілася сельгасавіяцыя. Выплылі з аблокаў «кукурузьнікі», і на вусеняў, і на людзей пасыпаўся зь неба дуст.

Памяць фіксуе агітацыйны плякат: корчацца, дохнуць вусені, а над імі тры злавесныя літары: ДДТ, што на мове людзей простых і азначае дуст.

Дохлі вусені, каларадзкія жукі й птушкі. Савецкі народ аказаўся больш жывучым. Выжыў… І слова дуст ужывае цяпер ужо ў ядавітых жартах.

Дустам іх пасыпаць, дустам!..— крычала сталага веку кабета на антыкамуністычнай акцыі ў Менску ў 90-м годзе. А зусім нядаўна ад сябра-ўкраінца я пачуў: «А вас Лукашэнка дустам яшчэ не спрабаваў?». Падумалася: паспрабуе. Ні голадам, ні холадам, ні турмамі зламаць людзей не ўдаецца. Дустам трэба, дустам!

А ўвогуле, калі вяртаць камуну — дык з усімі яе атрыбутамі: і з дошкамі гонару замест заробкаў, і з палітінфармацыямі замест інфармацыі… І, натуральна, з дустам…

Працэс пайшоў. Вынік інтэграцыі з Усходам увасобіўся ў дусьце. Нядаўна на Камароўцы я пабачыў новы прэпарат:

ДУСТ
кітайскі
супраць прусакоў

Вячаслаў Ракіцкі

XS
SM
MD
LG